Аляксандру Мілінкевічу ўручылі прэмію імя Сахарава

Сёньня ў Страсбуры на сэсіі Эўрапарламэнту лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Прысуджэньне прэміі лідэру беларускай апазыцыі эўрапармямэнтары назвалі “рашучым сыгналам” для Лукашэнкі пра тое, што Эўразвяз “не забыўся на сітуацыю ў Беларусі”. Прадстаўляючы Аляксандра Мілінкевіча ў часе цырымоніі, яго назвалі "лідэрам дэмакратычных сілаў, які змагаецца з апошняй дыктатурай Эўропы".

Выступаючы перад дэпутатамі Эўрапарлямэнту, Аляксандар Мілінкевіч падкрэсьліў, што гэтая прэмія справядліва належыць таксама старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандру Казуліну. "Ён знаходзіцца ў цяжкім стане й ягонае жыцьцё пад пагрозай", — заявіў спадар Мілінкевіч. Ён таксама сказаў, што прэмія імя Андрэя Сахарава — "гэта прэмія маладых палітыкаў Паўла Севярынца й Зьмітра Дашкевіча, якія пакараныя пазбаўленьнем волі, а таксама прэмія шматлікіх іншых беларускіх палітыкаў, якія змагаюцца за дэмакратыю".

Прэмія імя Сахарава “За свабоду думкі” заснаваная Эўрапарламэнтам у 1998 годзе й прысуджаецца штогод за “дасягненьні ў справе абароны правоў чалавека ды яго асноўных свабодаў, а таксама за павагу да міжнароднага заканадаўства й развіцьцё дэмакратыі”. Намінантаў вылучаюць дэпутацкія фракцыі Эўрапарламэнту альбо група дэпутатаў. Вылучэньне кандыдатуры Мілінкевіча падтрымала набуйная фракцыя Эўрапарламэнту “Эўрапейская народная партыя — эўрапейскія дэмакраты”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)