Альгерд Бахарэвіч: «Беларусь — гэта Эўропа, але — згвалтаваная, нябачная, не пачутая... і поўная надзеі»
Нямецкі перакладчык Томас Вайлер атрымаў прэмію П.Цэляна за перастварэньне рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». Радыё Свабода пагаварыла з аўтарам аб прычынах малой цікавасьці ў Нямеччыне да беларускай літаратуры, стэрэатыпы ўспрыманьня беларускіх пісьменьнікаў на Захадзе ды творчасьць ва ўмовах дыктатуры.
Пра складаны пераклад і важкасьць прэміі
— За пераклад вашага раману «Сабакі Эўропы» на нямецкую мову Томас Вайлер атрымаў прэмію Паўля Цэляна. Што вы адчулі, даведаўшыся гэтую навіну?
— Па-першае, я вельмі ганаруся сваім перакладнікам і ягоным заслужаным посьпехам. Томас Вайлер працаваў над перакладам «Сабакаў Эўропы» тры гады. Ён узяўся за вельмі няпростую задачу: перастварыць па-нямецку вялікі, складаны беларускі 900-старонкавы раман з шасьці частак, кожная зь якіх ёсьць асобным сусьветам і становіць сабой у моўным і стылістычным пляне асобны твор.
Раман, поўны алюзіяў, загадак, таямніц, іроніі, пастак, а яшчэ — рэаліяў, зразумелых почасту толькі ўсходнеэўрапейцам або наагул выключна нам, беларусам. «Сабакі Эўропы» напісаныя па-беларуску, але ў кнізе ёсьць і іншыя мовы — дасьледнікі налічылі іх восем, улучна з бальбутай, трасянкай і афрыканскай мовай кунду. Уяўляеце, які гэта выклік для перакладніка?
Па-другое, я адчуў вялікую палёгку, бо з прэміямі бывае па-рознаму... І прэмія Томасу за «Сабакаў» азначае, што яго грандыёзная праца ацэненая як сьлед, што яна застанецца ў гісторыі літаратуры.
І, па-трэцяе, я проста вельмі рады за свайго геніяльнага перакладніка і выдатнага чалавека, вялікага сябра Беларусі, кожны пераклад якога — прыклад найвышэйшага майстэрства.
— А што гэта за прэмія? Хто і за што можа быць ёю ўганараваны?
— Перакладніцкая прэмія Паўля Цэляна ўручаецца штогод Нямецкім літаратурным фондам за найлепшы пераклад на нямецкую мову твораў сусьветнай літаратуры. Яе памер сёлета 25 тысяч эўра.
Прэмія названая ў гонар сусьветна вядомага паэта габрэйскага паходжаньня Паўля Цэляна, які нарадзіўся ў Чарнаўцах, перажыў Галакост (падчас якога загінула яго сям’я, а сам ён цудам пазьбегнуў сьмерці), пісаў вершы па-нямецку і скончыў жыцьцё самагубствам у Парыжы.
Прэмія заснаваная ў 1980-х гадах, спачатку прысуджалася за найлепшыя пераклады з францускай на нямецкую, але пазьней было вырашана зрабіць яе па-сапраўднаму інтэрнацыянальнай і ўручаць нямецкім перакладнікам незалежна ад мовы, зь якой яны працуюць.
— Зрабіце, калі ласка, невялікі экскурс па ўсіх вашых кнігах, перакладзеных і выдадзеных па-нямецку.
— На сёньня пяць маіх кніг выйшла ў нямецкім перакладзе. Пачалося ўсё ў 2010-м, калі ў Ляйпцыгу выйшаў раман «Сарока на шыбеніцы» ў перакладзе Томаса Вайлера. У 2018 годзе ў бэрлінскім выдавецтве edition.fotoTAPETA выйшаў зборнік маіх эсэ «Парыж, Бэрлін і гэтая вёска».
Далей у тым самым выдавецтве зьявілася кніжка маіх эсэ й інтэрвію «Яны ўжо прайгралі», прысьвечаная беларускім пратэстам 2020-га. Мае эсэ перакладалі Томас Вайлер і Тына Вюншман. У тым самым выдавецтве летась пабачыў сьвет мой раман «Апошняя кніга пана А.» — яго пераклалі на нямецкую я і Андрэас Ростэк.
Пра цікавасьць да расейскіх і падазронасьць да беларускіх пісьменьнікаў
— Выглядае, што нямецкамоўная паліца вашых кніг — на сёньня самая шматлікая з усіх выдадзеных па-нямецку твораў сучасных беларускіх літаратараў.
Ці вам больш за іншых пашчасьціла на зацікаўленых выдаўцоў? Ці вы здолелі лепш за іншых заінтрыгаваць сваімі творамі нямецкіх перакладнікаў? Ці мо вашы творы найбольш, так бы мовіць, нямецкацэнтрычныя? Якія, на вашу думку, чыньнікі зрабілі вас самым вядомым у Нямеччыне сучасным пісьменьнікам-беларусам?
— Я ня думаю, што я самы вядомы беларускі пісьменьнік у Нямеччыне. Хутчэй, адзін з тых нешматлікіх беларускіх аўтараў, да якіх тут ёсьць хоць нейкая цікавасьць. Так, у мяне і раней выходзілі ў Нямеччыне кнігі, на іх публікаваліся рэцэнзіі, я шмат тут выступаў, рэгулярна ўдзельнічаю ў міжнародных кніжных кірмашах, даю інтэрвію... І ўсё ж беларуская (маю на ўвазе — беларускамоўная) літаратура тут доўгі час заставалася амаль невядомай шырокаму чытачу.
Я шмат пішу і гавару пра гэта: Беларусь у Нямеччыне даўно ўспрымаецца выключна ў кантэксьце палітычных рэпрэсіяў і, з 2022-га, вайны ва Ўкраіне. Літаратура, напісаная па-беларуску, мала каму цікавая — можна выдаць якую заўгодна кнігу, але абсалютная большасьць людзей тут не зацікавіцца ёю менавіта таму, што яна напісана ў арыгінале па-беларуску.
Я часта паўтараю, што на Захадзе ад беларускіх пісьменьнікаў чакаюць найперш пацьверджаньня заходніх стэрэатыпаў. Доўгі час нам былі падрыхтаваныя толькі дзьве нішы: ахвяраў або сьведак. Калі ты беларус, ты мусіш скардзіцца. І калі аўтар хоча сказаць нешта большае — ствараць сусьветы, папярэджваць, парушаць правілы, гаварыць сваім голасам — яго амаль ніхто не захоча слухаць: для «нечага большага» тут існуюць Вялікія Мовы і Літаратуры.
Вядома, выхад «Сабакаў Эўропы» ў нямецкім перакладзе крыху зьмяніў сытуацыю — я адчуваю, што раман ацэнены. На яго выходзяць вялікія рэцэнзіі ў найбуйнейшых выданьнях, яго называюць адкрыцьцём году, я шмат выступаў з гэтай кнігай у розных гарадах, пра яе пішуць, яе чытаюць... Я маю тут чытача, гэта важна.
Я назіраю за гэтымі зьменамі з асьцярожным аптымізмам і вельмі спадзяюся, што «Сабакі Эўропы» зруйнуюць шматлікія стэрэатыпы адносна беларускай літаратуры. Зробяць нашу літаратуру ў Нямеччыне чытанай і бачнай.
І ўсё ж расейскамоўных пісьменьнікаў зь Беларусі тут ведаюць значна лепш. Іх значна прасьцей упісаць у звыклыя схемы, знайсьці для іх адпаведны кантэкст. Як правіла — прымітыўны, постсавецкі, расейскі. Нікому тут ня трэба тлумачыць, што такое Расея. Тут шмат перакладнікаў з расейскай і прыхільнікаў «вялікай расейскай культуры». А літаратура па-беларуску почасту ўспрымаецца падазрона — як «нацыяналізм».
Для беларускай беларускамоўнай літаратуры знайсьці палічку ў кніжнай шафе заходніх стэрэатыпаў вельмі цяжка. Тым больш каштоўныя высілкі ўсіх тых нямецкіх перакладнікаў, выдаўцоў, журналістаў, крытыкаў, якія разумеюць, што беларускамоўная літаратура можа быць вельмі цікавай, можа мець высокі эўрапейскі ўзровень, што яна абыдзеная ўвагай зусім не зь літаратурных прычын.
Разумеюць — і робяць усё магчымае, каб быць мэдыятарамі паміж намі і нямецкай публікай. Бо ў Нямеччыне вельмі вялікі і разьвіты кніжны рынак. Кожны год тут выходзяць тысячы новых кніг, сярод якіх нямала перакладаў зь дзясяткаў моваў сьвету. Гэта сапраўдны кніжны акіян — і кніга мае быць сапраўды адметнай, каб яе заўважылі.
Што мяне вельмі цешыць — цяпер я выкладаю беларускую мову аднаму студэнту бэрлінскага ўнівэрсытэту. Раблю гэта абсалютна бясплатна, выключна дзеля радасьці і творчага задавальненьня. Гэты таленавіты студэнт вырашыў вывучаць беларускую мову, пазнаёміўшыся з маімі кнігамі ў нямецкім перакладзе...
Пра натхненьне чужымі краявідамі і сілу роднай мовы
— Ужо амаль чатыры гады вы жывяце ў Эўропе, час ад часу мяняючы краіны і гарады. Што для вас азначае карцінка за вакном? Ці ўплывае яна на ваш творчы настрой? І калі так, то якім чынам? Ці адчуваеце вы, што ўжо зрадніліся з небеларускімі краявідамі?
— Беларусь і ёсьць Эўропа. Напэўна, ніякіх іншых словаў я не паўтараў у розных краінах, у розных гарадах і на розных сцэнах так часта за гады нашых блуканьняў. Беларусь — таксама Эўропа, толькі не такая, якой Эўропу звыклі ўяўляць сабе ў заходнім сьвеце. Эўропа згвалтаваная, нябачная, непачутая, забытая, параненая, маркотная і поўная надзеі. Жывучы ў Беларусі, я заўсёды пачуваўся ў Эўропе.
Жыць у Эўропе — значыць быць адкрытым сьвету, іншым культурам і мовам, заўсёды быць цікаўным вандроўнікам у пошуку таямніц і адкрыцьцяў, знаходзіць сувязі паміж тваёй радзімай і радзімамі іншых. Ведаеце, я досыць шмат гадоў пражыў у замежжы...
У мяне няма боязі іншаземнага, няма страху перад Эўропай, я ведаю, што сьвет не канчаецца за дзяржаўнымі межамі Рэспублікі Беларусь. Калі ты пішаш кнігі, сваё карэньне часам дапамагае — але тое самае карэньне вельмі часта не дае беларусам па-сапраўднаму зірнуць на сьвет, такі вялікі, цудоўны, вольны і разнастайны, не дае адчуць сябе часткай гэтага сьвету.
У небеларускіх краявідах ня менш прыгажосьці, журбы і натхненьня, чым у беларускіх. І мая беларуская мова дастаткова багатая і моцная, каб апісаць усё на сьвеце, усе праявы чалавечага быцьця. Так, я належу да тых, хто верыць: сапраўдная радзіма пісьменьніка — гэта ягоная мова. Яна заўсёды са мной. І цяпер яна гучыць паўсюль...
Пра свабоду слова і рынкавы посьпех каньюнктурных твораў
— Ці ёсьць нейкія рэчы, людзі, падзеі, абставіны, якія цяпер уплываюць на вашу свабоду слова?
— У вольным сьвеце на свабоду пісьменьніка ўплывае толькі адно: грамадзтва ня любіць складаных тэкстаў і спакваля дыктуе пісьменьніку свае правілы. Будзь лёгкім для ўспрыманьня, даступным, зразумелым, заўсёды пазытыўным, пішы проста — такія кніжкі прасьцей перакласьці, думай пра тое, як выгадна сябе прадаць, дагаджай чытачу, нікога ня злуй, будзь паліткарэктным, сачы за каньюнктурай. Так загадвае рынак.
На жаль, многія ідуць на падобныя кампрамісы. Я ў такія гульні гуляць не зьбіраюся. Як і ў Беларусі, я хачу пісаць і думаць вольна — так, як падаецца важным менавіта мне. Я хачу дасягнуць амаль немагчымага: жывучы ў экзылі, з сваім складаным раманам, напісаным на мове, якой для Захаду амаль не існуе, паходзячы з краіны, пра якую ніхто нічога ня ведае — адваяваць сваё права быць.
Што да свабоды слова — я не для таго пакінуў Беларусь, каб займацца самацэнзурай. Іншае пытаньне — як быць пачутым у краіне, куды штогод прыяжджаюць з усяго сьвету самыя розныя людзі ў пошуках свабоды і прызнаньня, з марай гаварыць пра сваё, з сваім болем і сваёй крыўдай. Кожнаму жыхару няшчаснай краіны здаецца, што яго радзіма самая няшчасная. Але гэта ня так. Сьвет вялікі. І мы ў ім не адны.
Пра жыцьцё ў несвабодзе і вялікія творы ў падпольлі
— У несвабоднай савецкай Беларусі стваралася свабодная паэзія Ларысы Геніюш і Алеся Разанава, пісаліся свабодалюбныя раманы Ўладзімера Караткевіча і аповесьці Васіля Быкава. Ці могуць у сёньняшняй Беларусі нарадзіцца творы, пазбаўленыя ўсялякіх творчых і сьветаглядных абмежаваньняў?
— Я ўпэўнены, што яны ўжо нараджаюцца, што яны пішуцца ўжо цяпер. На жаль, мы мала пра іх ведаем, але я веру, што сьвет пра іх яшчэ пачуе, хоць у іхных аўтараў на дадзены момант няма магчымасьці вольна публікавацца.
Гісторыя літаратуры, гісторыя таталітарных рэжымаў сьведчаць, што вялікія творы могуць стварацца і ў падпольлі. І нярэдка такія творы кажуць больш і лепш пра чалавека, ягоны лёс і ягоны час за створанае жыхарамі дэмакратычных краін.
Стагодзьдзямі агрэсіўная, жорсткая і тупая несвабода робіць тую самую памылку — ёй здаецца, што забаронамі і рэпрэсіямі яна можа перамагчы. Але раз за разам адбываецца адваротнае: несвабода змушае вольнага чалавека да супраціву.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное