Общество

Ірэна Кацяловіч, Наша Нiва, фота Надзеі Бужан

Актывістка «Краіны для жыцця»: «Калі ў Жодзіне прывялі ў душавы пакой з дзюркамі, я думала, пусцяць газ альбо расстраляюць»

Вольга Паўлава пра Акрэсціна і апошняе слова ў судзе, на якім усе плакалі.

Вольга Паўлава папрасіла дапамагчы ёй з вялізным тортам: яго падарылі суседзі, калі палітзняволеная вярнулася дадому, атрымаўшы тры гады хатняй хіміі. Суддзя Марына Запаснік асудзіла актывістку «Краіны для жыцця» за «грубае парушэнне грамадскага парадку».

Дома ў Вольгі адаптол, стос лістоў, якія яна атрымала ў зняволенні, і руды кот. «Ужо не крыўдзіцца, што я так надоўга знікла». Дзяўчыну затрымлівалі чатыры разы. Апошні — падчас разгону плошчы Перамен, пасля чаго пайшлі турма ў Жодзіна, сямнаццаць дзён карцара, Валадарка, суд ды прысуд.

А пасля першага затрымання 9 жніўня — як доктар, з рэчамі першай неабходнасці яна знаходзілася ў цэнтры падзей — Вольга трапіла на Акрэсціна. У той дзень яе зачапіла гумовай куляй, на назе дагэтуль бачны шрам ад аскепка святлошумавой гранаты, урэшце яна спазнала на сабе і «газавыя камеры».

— Калі я выйшла, была ў жаху і паніцы і адразу з’ехала з сынам на дачу. Псіхатэрапеўт вызначыла ў мяне дысацыятыўнае расстройства, пры якім адключаецца эмацыйны фон. Знаходзячыся на Акрэсціна, я думала, што мы ўсе хутка памром, але нікому не магла пра гэта сказаць, бо пачалася б паніка. Каб не звар’яцець, мозг папросту адключыў эмоцыі. Паступова падключаць іх мае сэнс, толькі калі сітуацыя стабілізуецца і людзей перастануць хапаць па дарозе ў краму. Але калі ў Жодзіне мяне пасадзілі ў карцар, жнівень накрыў з такой сілай, што часам мне здавалася, што сэрца вось-вось спыніцца. У маленькім памяшканні з дрэннай вентыляцыяй не было чым дыхаць, і з-за нізкага ўзроўню кіслароду арганізм адразу ўспомніў тыя тры дні.

У мяне было па чатыры-пяць панічных атак на дзень, а па факце я ўсе сямнаццаць сутак зноў пражывала Акрэсціна, чула, як крычаць мужчыны. Я дагэтуль не магу зразумець і прыняць, як такое ўвогуле магло здарыцца. І перажыць гэта не магу. Помню, калі я выйшла, людзі з надзеяй пыталіся ў мяне, ці быў у сілавікоў нейкі акцэнт, можа быць, гэта ўсё ж нанятыя рускія ці ўкраінцы. Яны б з задавальненнем у гэта паверылі, але не, гэта былі нашы.

— За што вас адправілі ў карцар?

— За тое, што адмаўлялася вітацца, хаця ў абавязках гэта не прапісана. Для мяне вялікім ударам было тое, што армія не стала на абарону насельніцтва. Я верыла ў мужчынскія гонар і годнасць, а атрымалася так, што нас пабілі і працягнулі біць, а абароны мы не атрымалі. Таму тое, што я трапіла ў турму ў Жодзіна, дзе супрацоўнікі — ваеннаслужачыя, стала насмешкай лёсу. У камерах гэта называюць «хвілінай славы»: кожны дзень раніцай і вечарам заходзіць карпусны ў суправаджэнні паставога, магчыма, выхавальніка, яны выстройваюцца па росце ў адну лінію і пачынаецца гэтае «Добры дзень» — «Добры дзень, грамадзянін начальнік».

Чаго-чаго, але вітацца з гэтымі людзьмі мне не хацелася. Для большасці супрацоўнікаў гэта было ў навінку, яны смяяліся, казалі, маўляў, я такая нявыхаваная, а ў выніку адзін з карпусных склаў на мяне рапарт.

— Праз гэты рапарт вы трапілі ў карцар?

— Спачатку выхавальнік турмы спрабаваў угаварыць мяне вітацца, а потым адправіў да начальніка: напэўна, думаў, што з ім я дакладна павітаюся. З начальнікам я таксама не павіталася, ён пацікавіўся прычынай, пачытаў маё тлумачэнне да рапарта, спытаў пра нараканні, я расказала пра тараканаў, мы нешта абмеркавалі, і ў выніку ён прызначыў мне сем сутак карцара. У наступныя дні ён ставіўся да мяне як да ручной малпы, якую можна выцягнуць з карцара, папрактыкавацца ў сваім красамоўі, адчуць сябе вельмі дасціпным, убачыць, што існуе адрознае ад яго меркаванне, задаволіць нейкія свае патрэбы і адправіць назад у карцар. Гэта было проста агідна.

У карцары я разумела, што мая сардэчна-сасудзістая сістэма працуе проста на знос, таму прасіла валідол і прымала па паўтаблеткі пры кожнай панічнай атацы. На працягу сямі сутак я выконвала ўсе свае абавязкі, пяць разоў на дзень прыбірала камеру: у мяне панічная атака, пасяджу ў куточку, паплачу, потым супакоюся, падыхаю — нармальна, пайшла мыць камеру. У выніку на мяне склалі рапарт за пыл на ложку і далі яшчэ пяць сутак.

— Што вам нават ва ўмовах зняволення дапамагала адстойваць свае прынцыпы?

— Я заўсёды такая была. Усе сябры казалі пра маё абвостранае пачуццё справядлівасці. Я не прыніжала годнасці супрацоўнікаў турмы. Калі ў іх такое хваравітае стаўленне да крытыкі, гэта не мае праблемы. Я разумею, чаму мяне трымалі ў карцары: з-за звычкі гвалтаваць, ламаць людзей, маўляў, пасядзіць сем сутак і пачне вітацца. Хутка на мяне склалі яшчэ тры рапарты. Адзін за тое, што я адмаўлялася ўвайсці ў бокс, хаця ведалі, што я стаю на ўліку ў псіхіятра і каб увайсці, мне патрэбна таблетка заспакаяльных.

Другі рапарт за тое, што я быццам бы буяніла ў камеры: у мяне быў нервовы зрыў і я грукала па дзвярах, каб мне выклікалі псіхіятра. На наступны дзень я паклікала паставую і ў чарговы раз спыталася пра душ, куды мяне не вадзілі ўжо тыдзень. Яна сказала, што не ведае, у каго пра гэта пытацца, а мужчына ў суседняй камеры падышоў і сказаў, маўляў, слухайце, адвядзіце нарэшце дзяўчыну ў душ, і параіў паставой, да каго звяртацца. Я яму падзякавала, а тая выпісала нам рапарты за міжкамерную сувязь. Я зразумела, што буду сядзець у карцары, пакуль не павітаюся.

— І вы павіталіся?

— Не. Я напісала заяву на галадоўку. Падумала, які сэнс прытрымлівацца правілаў, і сышла ў поўны пратэст, перастала рабіць абсалютна ўсё, калі да мяне заходзілі ў камеру, я сядзела і не рэагавала. На чацвёртыя суткі мне стала вельмі дрэнна, я ляжала і не магла ўстаць. За гэтыя дні на мяне склалі штук сямнаццаць рапартаў, але за іх мне прынамсі не было крыўдна.

Нарэшце прыехаў мой адвакат, мяне да яго ледзь не прынеслі, бо ісці я не магла. Адвакат быў у шоку, ён паведаміў у Следчы камітэт пра маю галадоўку, хоць зрабіць гэта павінна было кіраўніцтва турмы.

Праз некалькі гадзін пасля яго візіту начальнік турмы заключыў са мной дамову, што выпусціць мяне з карцара праз пяць сутак, калі я нічога за гэтыя дні не парушу.

Праз пяць дзён фізічна і псіхічна знясіленую мяне перавялі напрасткі ў медчастку, дзе я правяла з месяц. Думаю, колькі людзей прагналі праз тое самае, але ў іх не было адвакатаў, якія б расказалі пра галадоўку. Вось так ламаюць асобу і прыводзяць да нуля чалавечую годнасць.

— Як вас затрымалі на плошчы Перамен?

— Мы са знаёмым збіраліся ў госці да сябра, які там недалёка жыве, купілі па дарозе лампадкі, прыйшлі да мемарыяла, пастаялі, а потым плошчу акружылі і на нас пайшла чорна-зялёная «хмара». Выйшаў Балаба і сказаў: маўляў, грамадзяне, не хвалюйцеся, вы праедзеце для праверкі дакументаў. Да людзей ў счэпцы падышлі і пачалі выхопліваць мужчын, я ўчапілася ў руку свайго сябра і сказала, што таксама паеду на праверку дакументаў, бо не ўяўляла, што скажу яго жонцы, калі яго забяруць.

У РУУСе на маіх вачах збілі мужчыну, і калі цягнулі, яго звешаная галава стукалася аб прыступкі. Паколькі я доктар, я стала крычаць і патрабаваць медыцынскага агляду чалавека, мяне адвялі ва ўнутраны дворык і пачалі пагражаць: маўляў, напішуць у пратаколе, што я была ў стане алкагольнага ап’янення. Пратакол я не бачыла, яго напісалі і падпісалі за мяне, што потым выплыла на судзе.

Праз тры дні ў ІЧУ мяне выпусцілі, але як толькі я выйшла, да мяне падышоў мужчына і сказаў, што я перазатрыманая. Быццам бы ён з крымінальнага вышуку. Я пасмяялася і спытала: «А вы мяне доўга шукалі?» Крымінальная справа на мяне была заведзена два тыдні таму, і за гэты час мне ніхто наконт яе нават не званіў.

— Не пашкадавалі потым, што пайшлі ўслед за сябрам?

— Не пашкадавала. І зараз не шкадую. Тое, што рукі дрыжаць, — я месяц-другі папрацую з псіхатэрапеўтам і гэта пройдзе, а сумленне ў мяне чыстае і сплю я вельмі добра.

— Як сустракалі Новы год у зняволенні?

— Цудоўна сустракалі. Я тады была ў медчасці ў Жодзіне і якраз на Новы год падчапіла вошай — у камеры пачалася эпідэмія педыкулёза. Нам перадалі бісквіт і арэхі, з якіх мы зрабілі торт, нешта купілі ў краме, назбіралі яек, якія выдаюцца ў медчасці раз на тыдзень. Мы прыгатавалі дзве салаты, у нас была мясная нарэзка, мандарыны. Таццяна Міхайлаўна выразала ялінку, упрыгожыла яе снегам з ватных тампонаў, але падчас вячэрняй праверкі нашу ялінку выкінулі. Прыклееную мылам сняжынку таксама сказалі зняць. Таццяна Міхайлаўна замовіла «Белаколу» і перад адбоем адкрыла яе як шампанскае, наліла кожнаму па некалькі глыткоў, мы сказалі тосты і а дзясятай ляглі спаць.

— Вы абрадаваліся, што вам далі хатнюю хімію, а не нешта больш сур’ёзнае?

— Нават не ведаю, як гэта каментаваць. Я ўвогуле ўпершыню ў жыцці чую, што чалавека можна арыштоўваць за такія рэчы. Альбо за сваю працу, як у выпадку з Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай, альбо за тое, што ты сведка забойства. Я меркавала, што мне дадуць хатнюю хімію, пакуль не пачала пісаць заключнае слова. У камеры я сядзела з цудоўнай жанчынай — яна якраз чытала «Уваскрэсенне» Талстога і зачытвала раман проста ўрыўкамі. Турэмны псіхіятр замест адэкватнага лячэння забараніў мне «думаць, як я думаю». Я спытала, ці можна мне думаць як Талстой. Ён сказаў: «Так, Талстой, ну, думаю, так, можна». Я спытала, а ці можна як Лермантаў. Ён кажа: «Лермантаў, гэта вершы, ага, як Лермантаў таксама можаце думаць». Дык вось калі я пісала сваё апошняе слова, дзяўчыны ў камеры казалі: «Ну, Волька, які там у цябе максімальны тэрмін? Тры гады? Пасля такога табе дадуць пяць».

— Ці праўда, што на вашым апошнім слове зала плакала?

— Я сама хвалявалася. У вершы Лермантава «Ты мог быць лепшым каралём», які я зачытала на заканчэнне, ёсць радкі «чым заплаціш ты, тыран, за гэту праведную кроў, за кроў людзей, за кроў грамадзян», на якіх я кожны раз узгадваю Акрэсціна і мужчын у крыві, якіх збіваюць да смерці. І не магу сябе стрымліваць. Я думала толькі аб тым, каб на гэтым моманце не расплакацца, хаця ў цэлым рэдка калі хвалююся.

— Як прайшла сустрэча з сынам пасля прысуду?

— Перад судом я думала, калі мяне ўсё ж адпусцяць, спачатку паехаць дадому і памыцца ці адразу да сына. І калі выйшла, усё ж адразу паехала да сына. Ён быў вельмі рады, ён па мне сумаваў, я ніколі так надоўга не знікала. Яго бацька, мой былы муж, тлумачыў яму, што я ў камандзіроўцы. Але потым я сыну ўсё расказала, бо ніколі яму не хлушу. Ён сказаў: «Што, праўда?» І дадаў, маўляў, зразумеў, што нешта не тое, бо надта доўга мяне не было. Калі пачалася перадвыбарная кампанія, я аддала дзіця былому мужу: разумела, куды іду і наколькі гэта небяспечна.

Калі мы з’язджалі з Горак, а за намі пусцілі дзве машыны з мігалкамі, сумневаў больш не было. Потым да мяне сталі прыходзіць і пытацца пра сына, раніцай званілі ў дамафон і прадстаўляліся людзьмі з РУУСа, прыходзілі таксама перад самымі выбарамі. А калі на мяне завялі крымінальную справу, я амаль перастала бачыцца з сынам — мы камунікавалі па тэлефоне альбо я заязджала, цалавала яго і з’язджала.

— Зараз як вы з ім бавіце час?

— Усе выходныя мы валяліся, абдымаліся, гулялі, шукалі яму піжаму з Пікачу. Пакуль прысуд не ўступіў у сілу, хачу з’ездзіць з сынам на прыроду. Трэба яшчэ пахадзіць да псіхолага, каб раптам не перанесці на дзіця свае праблемы.

— Што яшчэ з першага вы зрабілі, калі выйшлі?

— Забрала ў РУУСе тэлефон, учора ела пельмені і з’ела адразу цэлы пачак… Галоўным для мяне было забраць сына, абняць яго, пацалаваць, прыехаць разам дадому, гатаваць з ім вячэру.

— Як вы змяніліся праз апошнія падзеі?

— Я ўпэўнена, што ніяк. Мне проста сумна. І я дагэтуль не перажыла здраду войска. Мая падсвядомасць нават выкрасліла з памяці свята 23 лютага, хаця раней я віншавала і тых, хто служыў, і тых, хто не служыў. Я таксама зразумела, як шмат залежыць ад чалавека і што ўсё з яго пачынаецца.

— А апроч расчараванняў вы адчулі салідарнасць?

— Канечне, я ўбачыла вялізную ўзаемадапамогу. Калі ў карцары я пачала галадоўку, усе мужчыны мяне падтрымалі і таксама сталі адмаўляцца есці. Некаторыя выходзілі, а адзін прагаладаў са мной усе дзесяць дзён.

Суседзі дапамагалі майму бацьку збіраць для мяне перадачы. За час зняволення я атрымала сто адзін ліст, дзіцячыя малюнкі, пасылку з Маладзечна, дзе сярод іншага былі гольфы, ніжняя бялізна, зубная паста і шчотка, у адным з лістоў быў пакецік з некалькімі кавалачкамі малочнай шакаладкі. Цудоўна, што людзі клапоцяцца адно пра аднаго і думаюць пра дробязі — яно насамрэч грэе.

Гэта была памылка саджаць людзей ні за што: цяпер апалітычных у нас зусім не засталося.

— Які момант за апошнія месяцы быў самы страшны?

— 9 жніўня. Калі нас закідвалі гранатамі і калі ў Жодзіне прывялі ў душавы пакой. Мы не разумелі, дзе знаходзімся, усё памяшканне ў плітцы, а наверсе вісяць старыя вентыляцыйныя скрыні з дзюркамі. Я стаяла і думала, што цяпер будзе: пусцяць газ альбо расстраляюць.

— А цяпер вы нечага баіцеся?

— У прынцыпе, я ж закон не парушала. Сёння званілі ў дамафон, а калі я адказала, было толькі маўчанне, а потым у кватэры знікла электраэнергія — было не страшна, а агідна. Пачуццё агіды ў мяне перасіліла страх.

— Як думаеце, з псіхатэрапеўтам вы зможаце поўнасцю аднавіцца ад траўмы?

— Не ведаю, але паспрабаваць трэба. Я не буду рабіць выгляд, што ў мяне ўсё цудоўна: гэта сапраўды псіхалагічная траўма. Як кажуць, прызнанне праблемы — ужо палова выздараўлення. На гэтым жыццё не канчаецца. Але не факт, што я змагу… я заўсёды так стараюся разумець людзей, разглядаць іх учынкі з усіх бакоў, ацэньваць усё аб’ектыўна. Але я ніколі не змагу знайсці тлумачэнне ўчынкам сілавікоў.

— Абвінавачванне паводле крымінальнага артыкула, затрыманне на плошчы Перамен, Жодзіна, Валадарка, суд — гэта нешта супастаўляльнае з Акрэсціна?

— Не. Акрэсціна — гэта пекла. Пеклам для мяне яшчэ быў карцар, бо сямнаццаць дзён я зноў перажывала тыя тры дні пекла. А ўсё астатняе не ідзе ні ў якое параўнанне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)