Политика
Анастасія Зелянкова

Актывістаў “Партнёрства” на волі сустрэлі кветкамі

Двое актывістаў “Партнёрства” Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка пасля шасці месяцаў зняволення выйшлі на свабоду. Сустрэць іх да сцен следчага ізалятара на Валадарскага прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек. Людзі з самай раніцы стаялі на вуліцы, у многіх у руках былі кветкі.

Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка з’явіліся пазней, чым іх абяцалі адпусціць. Нягледзячы на тыя шэсць месяцаў, што маладыя людзі правялі ў камеры, выглядалі яны досыць бадзёра, хоць і былі заўважна бледныя. Як расказалі актывісты, умовы, у якіх яны знаходзіліся апошнім часам, былі значна горшыя, чым у камеры КДБ, адкуль не так даўно іх перавялі на Валадарскага.

— Аднак усё роўна ў турме нам было не так цяжка, як нашым родным, якія ўвесь час перажывалі за нас, — адзначыў Аляксандр Шалайка.

Па словах Шалайкі, нялёгка асуджаным прыходзілася, толькі ў тыя моманты, калі следчыя спрабавалі ціснуць на іх расказваючы, што пра справу “Партнёрства” ўсе даўно забыліся, і самі яны нікому ўжо не патрэбныя. Праз лісты, якія прыйшлі значна пазней, яны зразумелі, што ўсё зусім не так. Дарэчы, апошнія лісты Шалайка і Браніцкая атрымалі якраз перад самым выхадам на волю.

Сустрэча з блізкімі была вельмі эмацыянальнай, многія з прысутных плакалі, да таго ж дома Аляксандра Шалайку чакаюць яшчэ маленькі сын і цяжарная жонка. Падтрымаць вызваленых прыйшлі таксама родныя асуджанага Цімафея Дранчука. Ён і яшчэ адзін актывіст “Партнёрства” Мікола Астрэйка пакуль застаюцца ў СІЗА. Паводле судовага рашэння, яны правядуць за кратамі адзін і два гады адпаведна.

Нагадаем, што Эніра Браніцкая, Мікола Астрэйка, Цімафей Дранчук і Аляксандр Шалайка былі арыштаваныя напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў — 21 лютага. Актывістаў арагнізацыі, якая стваралася для таго, каб назіраць за ходам выбараў, спярша абвінавацілі ў краўніцтве грамадскім аб’яднаннем, якое замахваецца на асобу, правы і абавязкі грамадзян. Аднак пасля суд, які, дарэчы, праходзіў за закрытымі дзвярыма, асудзіў іх за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Зараз адвакаты Міколы Астрэкі і Цімафея Дранчука падалі касацыйныя скаргі ў вышэйшыя інстанцыі. У выпадку, калі прысуд пакінуць без зменаў, актывістаў са следчага ізалятара перавядуць адбываць пакаранне ў папраўчую калонію.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)