Политика
Анастасія Зелянкова

"Адчувалася, што на адваката хтосьці вельмі моцна націснуў..."

Суд па справе Саюза беларускіх пісьменнікаў перанесены. Прыблізнай датай пасяджэння называецца 13 красавіка. Вярхоўны суд задаволіў хадайніцтва СБП адкласці разгляд судовай справы па прычыне занятасці абаронцы адказчыка ў іншы судовым працэсе.

Насамрэч справа з адвакатам выглядае так. Як распавёў “Салідарнасці” старшыня СБП Алесь Пашкевіч, праблема ў тым, што абаронца, які вёў іх справу, раптам папросту знік разам з усімі дакументамі.

— Амаль тры тыдні мы спрабавалі з ім звязацца, але дарэмна, — кажа Алесь Пашкевіч. — Чалавек на сувязь не выходзіў. Мы тэлефанавалі яму па ўсіх магчымых тэлефонах — дадому, на працу. Нават дзяжурылі пад вокнамі. Нарэшце ўсё ж вылавілі. Дзякуй, што хоць свае дакументы мы змаглі вярнуць назад. Што з ім здарылася, наш адвакат так і не растлумачыў, але голас і рукі ў яго моцна дрыжалі. Адчувалася, што на яго хтосьці вельмі моцна націснуў і чалавек сапраўды баіцца. Трэба сказаць, што такое з ім упершыню. Да гэтага выпадку ён сумленна абараняў нас у гаспадарчым судзе па зыску з Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, быў на папярэдніх слуханнях у Вярхоўным судзе.

У звязку з гэтым Саюз беларускіх пісьменнікаў вымушаны быў звярнуцца па дапамогу да іншага адваката. Зараз іх справу вядзе юрыст Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Ганна Бахціна.

— Наш новы адвакат, прагледзеўшы матэрыялы, запэўніла, што выйграць суд будзе дастаткова рэальна, — кажа Алесь Пашкевіч. — Іншая справа, што для таго, каб судзіцца з Мінюстам, трэба мець не толькі моцную юрыдычную адукаванасць, але і высокую грамадзянскую пазіцыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)