Беседка
Руслан Гарбачоў, фота adam-hlobus.livejournal.com

Адам Глобус: «За тое, што кінуў піць, мяне сумленне не грызе»

Вядомы літаратар шчыра расказаў, як дайшоў да таго, каб выпіваць па бутэльцы гарэлкі ў дзень, і як знайшоў выхад з праблемы п’янства.

– Калі вы завязалі?

– Блізу 10 гадоў я не п’ю і два з паловаю гады не палю.

– А калі пазнаёміліся са спіртным? 

– Магу ўзгадаць, калі я першы раз напіўся. У трэцім класе. На вяселлі ў свайго дзядзькі Антона. Старэйшыя напаілі мяне самагонкай і я дайшоў да такога стану, што не мог стаяць на адной назе. Гэта мяне вельмі здзіўляла: як толькі адрываў ад падлогі нагу – падаў. Падымаўся і зноў не верыў, што калі прыўздыму адну нагу, то адразу павалюся.

Калі сваякі пабачылі, чым я займаюся ў двары, мяне паклалі на ложак. Мяне стала круціць, званітавала, я загадзіў усю падлогу. Баба Ядзя прыйшла, усё прыбрала. Калі пасярод ночы я ўстаў і спытаў «хто ж гэта зрабіў?», баба Ядзя сказала, што гэта зрабіла свіння, якая прыйшла з хлява.  

Гэты жорсткі вопыт вельмі надоўга адбіў жаданне выпіваць. Мусіць наступны раз я дакрануўся да бутэлькі ў студэнцкія гады. Разам з таварышам мы выпілі пляшку чарніла за мастацкай вучэльняй.

– Што ўжыванне алкаголя вам давала?

– Як і ўсім: радасць, пачуццё паўнавартасці жыцця.

– Якім напоям аддавалі перавагу?

– Спачатку, як усе бедныя студэнты, піў чарніла. «Вермут» за 1 рубль 22 капейкі, «Алжырскае» за 72 капейкі (прычым 12 капеек з іх каштавала бутэлька). З іншага боку стыпендыя складала ўсяго 18 рублёў. Але можна было назбіраць грошай ля універсама «Цэнтральны», папрасіць у дзяўчат.

Адам Глобус п’е піва на беразе Свіслачы, 1985 год

– Выпіўка прыносіла толькі пазітыўныя эмоцыі?

– Алкаголь, на мой погляд, дзейнічае ў два бакі. Калі ў цябе добры настрой, ён яго яшчэ больш палепшыць, а калі кепскі – можа пагоршыць. У мяне былі праблемы. Як напіваўся – біўся, лез да людзей, гаварыў розныя гадасці. Карацей, быў неадэкватны.

Дзеля чаго, у рэшце рэшт, людзі п’юць? Каб змяніць свядомасць. А змяняецца яна не так, як мы разлічваем. 

– У якіх кампаніях любілі правесці час?

– У асноўным са сваімі раўналеткамі, сябрамі. Да таго ж у Мінску да гэтага часу засталася тусоўка ў кавярні «Акварыўм» ля Цэнтральнага ўніверсама. Я ў гэтай тусоўцы з 1973 года, як прыйшоў у вучэльню. Там ніхто не пытаецца, хто ты, чаму сюды прыйшоў, ці ёсць у цябе грошы. Там цябе заўсёды чакаюць. Туды прыходзяць розныя людзі: пісьменнікі, філосафы, музыкі, рабочыя, шафёры. Збіраюцца дзеля таго, каб выпіць і павесяліцца. Людзі выпіваюць за адным столікам па 10 гадоў і могуць не ведаць прозвішчаў адзін аднаго. 

– Вы пісалі, што вам падабалася выпіваць з філосафам Валянцінам Акудовічам.

– Зараз ён вельмі шкадуе, што я не выпіваю. Калі ты кідаеш, то першы час даволі складана растлумачыць, што ты больш не будзеш. Валянцін толькі гады два з тых дзесяці, што я кінуў, перастаў мяне запрашаць.

Вельмі лёгка адмаўляць маладзейшым, а вось старэйшаму чалавеку, начальству – скаладана. Тым больш у нашым грамадстве гэта расцэньваецца як нейкая знявага. Памятаю, як у маладосці я панёс Барадуліну свае вершы, ён іх раскрытыкаваў, а затым прапанаваў заліць крытыку гарэлкай. Я выпіў з павагі да старэйшага чалавека.

У Барадуліна яшчэ была такая якасць: ён сам не піў, а любіў, калі іншыя выпіваюць. І больш таго, настойваў. Наліў, тут жа яшчэ наліў і яшчэ. Я раней усё здзіўляўся: нашто цвярозыя людзі настойваюць? Думаў, што даведаюся, калі сам кіну піць. Але так гэтага і не зразумеў. 

– З кім яшчэ любілі пасядзець? 

З бацькам. З дзедам. Абмяркоўвалі нейкія сур’ёзныя сямейныя справы, размаўлялі пра лёс Айчыны, культуры, літаратуры. 

З Караткевічам выпіваў вельмі многа. Нашы сем’і разам святкавалі ўсе святы. Як пераехалі ў дом на Карла Маркса ў 77-м, так і да канца яго жыцця...

Дзякуючы каму шмат у чым я кінуў піць? Дзякуючы таму ж Караткевічу, Стральцову, Сысу. Я бачыў да чаго гэта можа прывесці. Ідучы ў офіс праз вакзал, спыняюся, калі бачу п’яных, страшных бамжоў. Кажу сабе, што не хачу такім быць.

Людзі ж вельмі па-рознаму выпіваюць. Караткевіч любіў сядзець у вясёлай кампаніі, раптам сказаць «ой, захацелася мне перца», пайсці на кухню і раз! – паўбутэлькі каньяку там выпіць. Пасля вяртаецца, усе бачаць, у якім Караткевіч стане, а ён працягвае паказваць, што не п’яны, а цвярозы. Не хацеў, каб гаварылі, што ён п’е. Але ж калі сыходзіў у запой, гэтага было не схаваць.

Ці як на 50-годдзе яго здарылася… Усе ж глядзелі, каб на сцэну перад вялікай залай Караткевіч не выйшаў п’яным. І тут ён падымаецца нецвярозым. Пачалі шукаць, глядзім – у бібліятэцы ў прыбіральні за рукамыйнікам стаіць амаль што пустая пляшка гарэлкі.

А ёсць людзі, якія п’юць адкрыта. Зараз усё моцна змянілася. За савецкім часам не было так як зараз, калі мы сядзім на праспекце за столікамі, і ўсе бачаць, хто што п’е. Людзі не саромеюцца. А раней гэта было вельмі табуявана, людзі хаваліся.

– Паступова вы сталі алкаголікам?

– М… мне само гэта слова не падабаецца. Алкагалізм – вельмі медыцынскае слова і гучыць неяк зняважліва. Мне больш падабаецца слова п’янства. Памятаю прачытаў у часопісе «Амерыка» пра тое, як амерыканцы бачаць праблему алкагалізму. Па іхнай сістэме выходзіла, што ўсе жыхары Савецкага Саюза – алкаголікі. Прычым не ў першым пакаленні.

У мяне была свая мерка. Паколькі ў маладосці я быў паспяховы, вясёлы беларускі паэт, то паехаў у Маскву на чарговы форум маладых творцаў і, ясна, напіўся там. У Саюзе пісьменнікаў была куратар па беларускай літаратуры Валянціна Міканораўна Шчадрына. На раніцу яна мне сказала: Валодзя, хачу з табою сур’ёзна пагаварыць. І расказала наступную формулу: можаш піць, напівацца. Але. Раз на паўгады два тыдні пажадана не піць. Калі два тыдні не п’еш, гэта гаворыць пра тое, што твой арганізм не залежыць ад алкаголю, і п’янства ты можаш пераадолець. Але як толькі ты гэты гігіенічны адпачынак для арганізму скароціш – значыць, усё, сам не зможаш выйсці з гэтай праблемы.

З таго часу я кожныя паўгады не піў два тыдні.

– Як часта вы выпівалі?

– Дайшло да таго, што выпіваў бутэльку гарэлкі штодня. Вечарам, пасля працы. І раніцай уставаць на працу было ўсё цяжэй і цяжэй.

Што мяне ратавала ў той сітуацыі – мой арганізм не прымаў апахмелкі. Мяне ўгаворвалі, я спрабаваў выпіць на наступную раніцу, але ледзь не памёр і вырашыў, што такімі экспертыментамі больш займацца не буду.

– Чаму пілі?

– Тамушто гэта адно з самых танных задавальненняў. Па-другое, гэта затарможвае жыццё. У прынцыпе алкаголь адзіны сродак, які тармозіць старэнне. Замарожвае наш арганізм, наша жыццё. Калі мы выпіўшы, мы не старэем. Праўда, думаем і гаворым вельмі павольна… П’яны чалавек павольна жыве.

– Кажуць, што калі выпіваць штодзень па 100 грамаў, то гэта нармальна.

– У мяне жонка абараніла дысертацыю па геранталогіі – навуцы пра старэнне. Адзін з ключавых момантаў той дысертацыі: алкаголь спрыяе даўгалеццю. 100 гармаў – лекі, але паўлітра – атрута. Алкаголь у маленькіх дозах – гэта вельмі добра. Але на ўжыванне ў маленькіх дозах, я аказаўся не здатны.

 – Як вам удалося кінуць?

– Здарылася вельмі траўматычная для мяне сітуацыя: памёр бацька. Раптам з усіх Адамчыкаў я застаўся старэйшым. Падумаў, што трэба завязваць.

Наогул чалавек можа кінуць піць толькі пры адным варыянце. Калі ён вырашыць, што ёсць каштоўнасці большыя за яго. Што ты жывеш не дзеля сябе, а дзеля сваёй сям’і, дзяцей, унукаў. Бо калі чалавек жыве дзеля сябе, нашто яму кідаць піць? Яму і так добра. Праблемы іншых яго не хвалююць.

Ёсць такі амерыканскі метад пазбаўлення ад п’янства: робіцца ўкол. Калі ў часы вялікай дэпрэсіі амерыканцы ўвялі сухі закон, трэба было нешта рабіць з тымі, хто ніяк не мог без спіртнога. Дактары зрабілі навуковы прарыў. Гэта вельмі хімічны і жорсткі метад. Але для мяне ён быў самым прымальным. Рэлігію я не прымаю, гіпнацізёры мяне не возьмуць.

Робіцца ўкол, вадкасць праходзіць праз тваю кроў, асядае ў пячонцы. Адзін ўкол на паўгады – і піць не хочацца. Але ёсць небяспека: калі ты вып’еш пасля ўкола – можаш здохнуць. Я даваў распіску, што гэта будзе мая праблема. 

 – Вам зараз хочацца выпіць?

– Хочацца. Але не так моцна, як раней. І вельмі дзіўна, што жаданне звялося да вельмі канцэнтраванага вобразу: чаркі з гарэлкай на магіле. Хочацца толькі вось адну гэту чарку белай гарэлкі – ні віскі, ні піва, ні каньяку, ні тэкілы. 

Але лічу, што ўсё сваё я ўжо выпіў. Вось у дзяцінстве мяне захапляла хадзіць на рыбу. А ёсць людзі, які не вырастаюць і ўсё жыццё ходзяць на гэту рыбу. Іду каля Свіслачы, бачу 70-гадовага дзеда, але ў душы яму 12 і ён з вудачкай усё хоча выцягнуць карасіка. Гэта ўсё цудоўна, але думаю, я злавіў усю сваю рыбу, сабраў усе свае грыбы і выпіў усю сваю гарэлку. 

– Як вас змяніла адмова ад алкаголю?

– Яна супала з камп’ютарызацыяй і інтэрнетызацыяй нашага грамадства. Я сышоў у інтэрнет. У вечары, у якія я раней выпіваў з сябрамі, пачаў выбудоўваць сваю пляцоўку ў віртуальным свеце , займацца творчасцю. З’яўленне актыўнай віртуальнай прасторы мне дапамагло.

Акрамя таго, я вярнуўся ў жывапіс. Сам не чакаў, бо 20 гадоў не пісаў карціны.

– Як сёння адчуваеце сябе ў кампаніі, дзе выпіваюць?

– Я не адчуваю сябе лішнім. Можа ім часам дыскамфортна. Мяне за тое, што я кінуў піць, сумленне не грызе. А іх часам грызе за тое, што яны не кінулі. Але ў мяне хапае нахабства не баяцца прысутнічаць у п’янай кампаніі.

Ты больш лічу, што ў паэзіі ўсяго тры вялікія тэмы: смерць, каханне і п’янства (у шырокім сэнсе – задавальненне). Калі паэт пра іх не піша, то ён не паэт.

– Як вы адносіцеся да «барацьбы» дзяржавы супраць співання насельніцтва? 

– Дзяржаве выгодна спойваць людзей. Калі людзі кінуць піць, будуць жыць даўжэй. А так дацягнуў да 60 – і ўсё. І не трэба чалавеку плаціць пенсію, бясплатна раздаваць лекі. Да таго ж гарэлачны бізнэс – звышпрыбытковы, на ім трымаецца бюджэт. 

– Як успрымаеце забарону ў некаторых мясцовасцях на продаж чарніла?

– Гэта ўдар па самых слабых. Гэта як пайсці біць бамжоў. А ўвогуле лічу, што праблема п’янства патрабуе і з боку грамадства, і з боку дзяржавы разваг і даследванняў.

Трэба вось што яшчэ сказаць. Нам здаецца, што мастакі – п’яніцы, пісьменнікі – п’янцы, артысты – п’яніцы. Насамрэч усё не зусім так. Мы перажываем, калі таленавіты чалавек співаецца, мы бачым гэту драму. А за тое, што співаецца рабочы на трактарным заводзе, чамусці ніхто не перажывае. У нас вёска спілася, 9 з 10 мужыкоў – п’яныя. А мы не перажываем, таму што яны не «зоркі», значыць такое ім наканаванне.

Я думаю, праблемы алкагалізму і наркаманіі будуць павялічвацца. Бо чалаек робіцца ўсё больш і больш эгаістычным і менш сацыяльным. А калі чалавек эгаістычны, ён шукае сабе задавальненняў. А самыя простыя з іх – выпіць, закусіць, трахнуцца і паспаць. 

– Падводзячы вынікі нашай размовы, што параіце людзям: ці варта ўвогуле выпіваць?

– Канешне, варта. Лічу, што алкаголь – адно з самых вялікіх адкрыццяў чалавецтва. Тое, што ўжываецца зашмат, не тое, не там, не з тымі – іншае пытанне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)