Ад Ждановічаў да Прагі. Што і дзе можна пабачыць з нагоды 100-годдзя Васіля Быкава

Кароткі гайд па музеях і выставах. 100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.

Фота: bdamlm.by

Выстава «Сам-насам з вечнасцю» да 100-гадовага юбілею Васіля Быкава праходзіць у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (Мінск, Кірылы і Мяфодзія, 4).

Тут можна пабачыць дакументы, звязаныя з біяграфіяй Васіля Быкава, тэксты яго выступленняў перад Саюзам пісьменнікаў.

А таксама рукапісы, машынапісныя лісты з рукапіснымі праўкамі, ліставанне з калегамі і чытачамі, чытацкія водгукі.

Фота: Міша Котка

Музей-дача Васіля Быкава (Мінскі раён, Ждановічы, вул. 6-я Дачная, 62) ужо адсвяткаваў 100-гадовы юбілей пісьменніка. Але тут у любым выпадку чакаюць гасцей. Па сведчаннях нашых чытачоў, гэтымі нямі ў музеі досыць ажыўлена.

Музей быў адчынены ў Быкаўскім лецішчы да 90-годдзя пісьменніка.

Фота: wikiwand.com

20 год сёлета адзначае Музей-сядзіба Васіля Быкава ў яго на радзіме (Віцебская вобл., Ушацкі раён, в. Бычкі, вул. Цэнтральная, 20).

Аднаўляць інтэр’ер бацькоўскай хаты пісьменніка дапамагала ягоная сястра Валянціна.

На тэрыторыі сядзібы — дом, плошчай 42 кв. м., дакладная копія, хлеў, гумно, дрэвы, інфармуе сайт музея. У доме адноўлены побыт Быкавых, прадстаўлены прадметы і рэчы, якія належалі сям’і.

У экспазіцыі музея знаходзяцца дакументы, фотаздымкі, творы Васіля Быкава, копіі малюнкаў і асабістыя рэчы народнага пісьменніка.

Фота: Сяргей Навумчык

Да ўвагі беларусаў замежжа. У Празе да 31 жніўня працягне працу выстава да 100-годдзя Васіля Быкава.

У экспазіцыі можна будзе пабачыць рэчы з пражскай кватэры пісьменніка, ягоныя рукапісы, кнігі і фотаздымкі. Сярод іншага экспанатамі з уласнага архіву падзяліўся публіцыст Сяргей Навумчык, які апекаваўся Быкавымі ў часе іх перабывання ў чэшскай сталіцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)