Политика
Ігар Карней, «Радыё Свабода»

АБСЭ заклікала Менск зьняць абмежаваньні на працу СМІ

Прадстаўніца Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) у пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч заклікала ўлады Беларусі спыніць умяшаньне ў мэдыйную сфэру, заявіўшы, што дзяржаўнае рэгуляваньне ставіць крыж на плюралізьме думак, а ў ХХІ стагодзьдзі спробы манапалізаваць інфармацыйны рынак недапушчальныя.

Цягам трох дзён знаходжаньня ў Беларусі спадарыня Міятавіч мела шчыльны працоўны графік. Яна наведала Беларускую асацыяцыю журналістаў і рэдакцыю газэты "Народная воля", сустракалася з журналістамі, якія за крытыку ўладаў знаходзяцца пад крымінальным перасьледам — Сьвятланай Калінкінай, Ірынай Халіп, Натальляй Радзінай, Марынай Коктыш. Таксама Дуню Міятавіч прымалі міністры замежных спраў Сяргей Мартынаў і інфармацыі – Алег Праляскоўскі, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, прэзыдэнцкі дарадца Ўсевалад Янчэўскі. Спадарыня Міятавіч перакананая, што Беларусі тэрмінова патрабуецца перабудова мэдыйнага заканадаўства, бо цяпер практычна ўзаконенае падпарадкаваньне гэтай галіны дзяржаве:

"Не сакрэт, што плюралізм у СМІ Беларусі адсутнічае. Ён абмежаваны ў друкаваных мэдыях і застаецца пад пагрозай у інтэрнэце. Я заклікала прадстаўнікоў улады скасаваць усе адміністратыўныя абмежаваньні для беларускіх СМІ, адкрыта заяўляла ўсім сваім афіцыйным суразмоўцам, што практыка афіцыйнага вынясеньня папярэджаньняў газэтам і закрыцьця выданьняў скоўвае дзейнасьць прэсы і павінна быць спыненая. На мой погляд, у бліжэйшай будучыні заканадаўства ў гэтай сфэры павінна быць зьмененае. Я прапанавала любую дапамогу вашаму ўраду, якая спатрэбіцца дзеля таго, каб неўзабаве ўзьнікла сучаснае заканадаўства ў адносінах да СМІ, як належыць дэмакратычнай краіне".

Пакуль жа, як кажа Дуня Міятавіч, у Беларусі няма прыкмет дэмакратызацыі ў галіне мас-мэдый. Пацьверджаньнем таму — пашыраная практыка прыцягненьня да адказнасьці журналістаў, якія, на думку ўладаў, "злоўжываюць" сваімі паўнамоцтвамі:

"Самы важны момант, які я ўздымаю ўва ўсіх краінах-удзельніцах АБСЭ, — неабходнасьць скасаваньня крымінальнага перасьледу за паклёп. Гэта першы крок, які можа зрабіць любая краіна як старой, так і новай дэмакратыі, каб даць сваім грамадзянам магчымасьць свабодна выказвацца і жыць у свабодным грамадзтве. Пазбавіць іх крымінальнай адказнасьці за паклёп, за нейкія правакацыйныя ці сатырычныя выказваньні. Паклёп не павінен падлягаць крымінальнаму перасьледу і журналісты не павінны сядзець у турме за сваё прамоўленае ці напісанае слова. Суд — вось адзінае месца, дзе павінны разглядацца справы аб паклёпе. А ня ўрадавыя офісы".

Спадарыня Міятавіч кажа, што плюралізм думак надзвычай важны падчас значных палітычных кампаній. І тое, што беларускія ўлады за апошнія паўтара дзясятка гадоў упершыню заявілі пра магчымасьць арганізацыі тэледэбатаў кандыдатаў у прэзыдэнты, можна толькі вітаць. А якія ўвогуле крокі кіраўніцтва Беларусі павінны стаць каталізатарам зрухаў да лепшага?

"Калі казаць пра дэбаты, то яны могуць праходзіць як у жывым эфіры, так і ў запісе. Вядома, значна лепш, калі ўжывую, бо тады можна атрымаць нейкае ўражаньне, што насамрэч там адбываецца ў рэальным часе. І важна, калі кандыдаты зьявяцца ў запісе, каб яны не падлягалі рэдагаваньню... Што ж да паказьнікаў пэўных зьменаў? Сыгналам пра тое, што мяне ўспрынялі сур'ёзна і зьмены насамрэч адбудуцца, магло б стаць спыненьне практыкі вынясеньня папярэджаньня, бо гэта абсалютна непрымальнае абыходжаньне з прэсай у дэмакратычным грамадзтве. Я вельмі спадзяюся, што пачнецца распрацоўка зьменаў у мэдыйным заканадаўстве і што будуць стварацца ўмовы для зьяўленьня незалежных мэханізмаў самарэгуляцыі. Я таксама хацела б ведаць, што можна зайсьці ў інтэрнэт-клюб і скарыстацца паслугай доступу ў сеціва без прад'яўленьня пашпарта".

Дуня Міятавіч паабяцала надалей пільна адсочваць сытуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі і ўздымаць голас, калі гэта будзе неабходна. І для пачатку заклікала ўлады спыніць адміністрацыйнае ўмяшаньне ў мэдыя-прастору.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)

Подпишитесь на еженедельную рассылку "Салiдарнасцi". Этот надежный канал, который позволяет читать наши новости и статьи даже в условиях блокировки сайта.