Партнеры

Яўген Фёдараў

5 глыбокіх кніг, якія падсвечваюць тое, што адбываецца ў сучаснай Беларусі

Нярэдка самыя моцныя літаратурныя творы з'яўляюцца менавіта тады, калі грамадства перажывае цёмныя часы ці змену эпох. Магчыма, мы жывем менавіта ў такі час, бо за апошняе дзесяцігоддзе з'явілася цэлае сузор'е беларускіх кніг, якія з'яўляюцца важнымі для разумення сучаснай Беларусі.

Сімвалічна, што большасць з гэтых кніг з'яўляюцца забароненымі ці непажаданымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, аднак пры гэтым атрымліваюць усё большую цікавасць з боку сусветных СМІ і чытацкай аўдыторыі.

Набыць гэтыя кнігі можна ў краме Кнігаўка, якая была разгромлена сілавікамі ў Мінску ў маі 2021 года, а ў лютым гэтага года аднавіла сваю працу ў Варшаве. Цяпер кнігарня адпраўляе беларускую літаратуру ў большасць краін свету, у тым ліку і ў Беларусь.

Таксама кнігі ўсё больш актыўна распаўсюджваюцца праз маркетплэйсы Amazon і Allegro.pl.

1. Зэкамерон, Максім Знак

«Каб напісаць гэтую кнігу, Знаку неабходна было хаця б у думках пакінуць турму. А чытачу, каб зразумець гэтую кнігу, трэба перамясціцца ў камеру», – такімі словамі апісала свае эмоцыі ад чытання «Зэкамерона» нобелеўская лаўрэатка Герта Мюлер, прэзентуючы нямецкае выданне кнігі ў Берліне.

На волю павінна была патрапіць і сама кніга, бо юрысту Максіму Знаку, асуджанаму ў Беларусі на дзесяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», было амаль нерэальна перадаць рукапісы, пазбягаючы турэмнай цэнзуры.

Але ён здолеў зрабіць гэта: магчыма праз лісты родным або цераз адваката – старонкі кнігі ўсё ж трапілі да чытачоў на іншы бок ад турэмных сцен.

«Зэкамерон» – гэта тонка напісаныя вершы і міні-апавяданні, якія апавядаюць пра турэмны побыт, цікавыя выпадкі і людзей, якіх аўтар сустракаў у зняволенні.

Чытаючы іх, разумееш: насуперак абставінам, у цеснай камеры і цяжкіх умовах, Максім захаваў сілу духу, пачуццё гумару і ўнутраную творчую свабоду.

2. Сабакі Эўропы, Альгерд Бахарэвіч

«Палітычны трылер-антыўтопія... адзін з найважнейшых твораў, некалі выдадзеных у Беларусі», – так напісала пра кнігу Альгерда Бахарэвіча ўплывовая брытанская газета The Guardian.

«Сабакі Эўропы» – гэта манументальны раман, які складаецца з шасці частак, кожная з якіх можа лічыцца асобным творам. Сувязі паміж імі невыразныя, таму часткі рамана можна чытаць у любой паслядоўнасці. Па жанры раман Бахарэвіча – змрочная антыўтопія, якая паказвае, куды можа прыйсці Еўропа і Беларусь, як яе частка, ў выпадку, калі праблемныя працэсы, якія ў іх наспяваюць ужо зараз, атрымаюць працяг.

Адна з сюжэтных ліній распавядае пра вёску Белыя Росы-13, якая знаходзіцца на тэрыторыі Расейскага Райху, дзе былая тэрыторыя незалежнай Беларусі, якая да таго часу страціла незалежнасць, знаходзіцца пад поўнай уладай Расіі.

Цікава, што ў Беларусі раман «Сабакі Эўропы» стаў першай мастацкай кнігай, якую ўлады вырашылі забараніць, прызнаўшы экстрэмісцкай.

«У кнізе актыўна прапагандуецца распальванне сацыяльнай, палітычнай і ідэалагічнай варожасці паміж грамадзянамі краіны і прадстаўнікамі дзяржкіравання, людзей заклікаюць да масавых беспарадкаў для незаконнага захопу ўлады», – так ахарактарызавала кнігу прарэжымная газета «СБ – Беларусь сегодня».

3. Па што ідзеш, воўча? Ева Вежнавец

«Кніга аб тым, што за кожным беларусам ад маленства ідзе воўк, які хоча яго сжэрці. Воўк ідзе па дрыгве, па цёмнаму сірочаму лістападаўскаму лесу, калі мокрае галлё шапаціць зверху, нібы косці нябожчыкаў грымяць, ідзе і чакае, калі можна цябе калі не з'есці, дык пакусаць.

А задача беларуса – не дацца, збегчы, выкруціцца», – такую красамоўную рэакцыю на кнігу можна знайсці сярод водгукаў чытачоў. І нездарма: яна глядзіць на лёс Беларусі пад асаблівым, амаль магічным вуглом.

Кніга распавядае пра тое, як жанчына сярэдніх гадоў Рына, якая пакутуе ад алкагольнай залежнасці, неахвотна едзе на пахаванне бабулі ў беларускую глуш. Але дома яе чакае неспадзяванка – старыя грахі і спадчына маюць доўгія цені. Ці можна ўсё выправіць, калі ты і блізка не цягнеш на гераіню?

Паводле аўтаркі, твор прысвечаны ў першую чаргу беларускім бабкам.

«Калі я пачула, што ЮНІСЕФ прапанаваў бабак лічыць перадачай вуснай спадчыны і чалавечнасці, перадачай традыцыі, я зразумела, што павінна напісаць пра беларускіх бабак. Таму што яна была не адна, я такіх бабак сустракала вельмі многа.

Дзяды паміраюць рана, і дзяды не цікавяцца такімі дробнымі рэчамі, якімі цікавяцца бабулі. Гэта, хутчэй за ўсё, не кніга, а адкрытая, жывая гаворка», – расказвае пісьменніца пра гісторыю стварэння кнігі ў інтэрв’ю Белсату.

4. Свінні. Аляксандр Чарнуха

Гэта гісторыя аднаго выдуманага райцэнтра ў неіснуючай дзяржаве, абстаноўка ў якой можа здацца вельмі знаёмай для кожнага беларуса.

Чыноўнікі, якія страцілі сувязь з рэальнасцю і якія пасылаюць адзін аднаму важныя, але ад гэтага яшчэ больш смешныя факсы. Сілавікі ў балаклавах добра выконваюць толькі адну задачу – ахоўваюць помнік Леніну. Грозная дырэктарка дома культуры ўмее толькі выпальваць цэнзурай любую песню.

«Спачатку вам будзе смешна. Потым не будзе. Таму што гэта жудасны свет вычварэнцаў, здраднікаў і іншых істот, што сустракаюцца і ў казцы, і ў сапраўдным жыцці. У рамане «Свінні» фікшн і нон-фікшн цесна пераплеценыя ў адну стужку, і часам заўважыць, дзе скончыліся мае фантазіі і пачалася суворая праўда жыцця, немагчыма», – расказвае пра кнігу сам аўтар.

Апісваная ў кнігі рэальнасць настолькі абсурдная, што здавалася б даўно мусіла адысці ў мінулае, але чамусьці з небывалай упартасцю чапляецца за сучаснасць, уплываючы на жыцці мільёнаў беларусаў.

5. Крэмулятар. Саша Філіпенка

«Крэмулятар» – самы знакаміты раман Сашы Філіпенкі. Твор атрымаў прэстыжную французскую прэмію Trasnfuge як найлепшы еўрапейскі раман 2023 года.

Твор распачынаецца падзеямі 1941 года, калі наступ нямецкай арміі запускае ў СССР чарговую хвалю барацьбы са шпіёнамі. Твор паглыбляе чытача ў атмасферу 1930-х гадоў і грунтуецца на матэрыялах следчай справы першага дырэктара Маскоўскага крэматорыя Пятра Ільіча Несцярэнкі. Аўтар даследуе ўнутраны свет чалавека, пастаўленага перад немагчымым выбарам.

Хоць гэтая кніга і не датычыцца напрамую таго, што адбываецца ў сучаснай Беларусі, але таксама пэўным чынам даследуе прыроду цёмных сіл і ўзаемадзеяння з імі простага чалавека. Той самы выбар, які ўжо паўстаў ці паўстане ў будучыні перад многімі беларусамі, якія прымаюць рашэнні не толькі аб сваім лёсе.

Як у складанай сітуацыі паступіць правільна? Як навучыцца без страху глядзець у твар зла? Адказы на гэтыя пытанні застаюцца актуальнымі для беларускага грамадства і зараз.

Партнёрскі матэрыял