10 актуальных цытат Уладзімера Караткевіча: «Добры народ у руках такой поскудзі»
Сёньня спаўняецца 90 гадоў аднаму з самых папулярных беларускіх пісьменьнікаў ХХ стагодзьдзя Ўладзімеру Караткевічу (1930-84). Васіль Дэ Эм на Радыё Свабода публікуе 10 цытат зь твораў, што як быццам напісаныя пра нашу рэальнасьць.
Уладзімер Караткевіч. Пачатак 1960-х гг
Творы, дзе ён упершыню ў нашай літаратуры паказаў свабодных, незалежных беларусаў-супэрмэнаў, якія перамагаюць у любой, самай безвыходнай сытуацыі, надзвычай актуальныя цяпер. Раманы, аповесьці, вершы Караткевіча, дзе героі не баяцца паўставаць супраць тырана і адужваюць яго — сугучныя нашаму часу, а многія сёньняшнія героі як быццам сышлі са старонак ягоных кніг.
- Караткевіч пра доўгія гады палітычнага марозу
«Гэта быў страшны і цяжкі час. Уся неабдымная імпэрыя дранцьвела і дубела ад жахлівага палітычнага марозу, які вось ужо дваццаць шэсьць год вісеў і кашлата варочаўся над яе абшарамі. Кожны, хто спрабаваў дыхаць на поўныя грудзі, адмарожваў лёгкія. Казаць — дазвалялася толькі ману, любіць — толькі праваслаўе... ненавідзець — толькі вальнадумцаў... сьмельчакі гаварылі часьцей за ўсё прыглушаным голасам, бо на кожнага адносна сумленнага было па дваццаць ланцужных псоў, здатных на ўсё».
(Урывак з рамана «Каласы пад сярпом тваім»)
- Караткевіч пра тое, што выратуе Беларусь толькі паўстаньне
«...Край сагнуўся ў сьпіне,
Край баіцца размовы пра волю,
Край згубіў сваю мову
І матчынай песьні напеў...
Нельга верыць у бога,
Калі ён такое дазволіў.
Цяжка верыць у люд свой,
Калі ён такое сьцярпеў.
І няўжо не ўваскрэсьне
Забытая родная мова
Не на тое, каб енчыць,
А каб крыкнуць да ўсіх на зямлі:
«Ўстаньце, хлопы, да зброі!
Ліце кроў для вялікай любові,
Каб на гэтай крыві
Небывалыя кветкі ўзрасьлі!»
(Урывак зь верша «Паўлюк Багрым»)
- Караткевіч пра Беларусь у руках поскудзі
«Няшчасная Беларусь! Добры, памяркоўны, рамантычны народ у руках такой поскудзі. І пакуль гэты народ будзе дурнем, так будзе заўсёды... Дорага б я даў таму чалавеку, які скіне нарэшце з шыі народа ўсіх гэтых гнілых шляхцюкоў, тупых Homo Novus’аў, пыхатых выскачак, прадажных журналістаў і зробіць яго гаспадаром уласнага лёсу. Усю кроў аддаў бы».
(Урывак з аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха»)
- Караткевіч пра сілавікоў
«Днём і ўначы і ранкам
Пошчак падкоў пад зямлёй:
Гэта конныя скачуць архангелы
Па дарогах плянэты маёй.
Бяздумныя, падшыя, сьветлыя,
Поўсьць на німбах расьце,
Замест сумленьня — дубінка,
І замест сэрца — кастэт...
...моўчкі чорныя птушкі
За імі ўстаюць на крыло.
Перад імі лунае гора,
За імі лунае жах,
Рудымэнты крылаў, пагоны
Лунаюць на іхніх плячах...»
(Урывак з «Баляды пра архангелаў»)
- Караткевіч пра тое, што нельга чакаць, каб нехта за нас стаў храбрым
«Ніякіх кампрамісаў!.. мы, беларусы, занадта любім храбрых дзядзяў. Маўляў, лепей няхай дзядзя палаецца з моцным або хаця дулю яму пакажа, а мы будзем з-за ягонай сьпіны ў ладкі пляскаць, а то і проста ціха радавацца....калі мы ненавідзім гэтую рабскую, гнойную частку крыві нашага народа — мы самі павінны зрабіцца „храбрымі дзядзямі“, а ня ціха радавацца з-за чужой сьпіны... Кроў — з кропляў. І, каб не загніць ад суседзтва зь нячыстымі, здаровыя кроплі павінны рухацца і нападаць на заразу, выкідваць яе з арганізма, нават рызыкуючы ўласным жыцьцём. Іначай — гангрэна і сьмерць».
(Урывак з рамана «Каласы пад сярпом тваім»)
- Караткевіч пра забойства тырана
«Карэта цара выяжджае.
(Гэткі на колах гадзючнік!)
У канале Кацьчыным воды
Да блізкага мора бягуць.
Вось бомба. Хай з падлы сьмярдзючай,
Хай зь яго, ката народаў,
Ката маёй Беларусі
Зараз шматкі палятуць...»
(Урывак зь верша «Сьмяротная страта (1 сакавіка 1881 г.). Ігнату Грынявіцкаму, які сваім выбухам адпомсьціў Аляксандру ІІ за 1863 год»)
- Караткевіч пра прадажнага беларускага судзьдзю
«Схожасьць судзьдзі з тхаром дапоўнілася раптам яшчэ і смуродам. Я паглядзеў на заліты сьлязьмі твар гэтай жывёлы і... з гідлівасьцю адштурхнуў яго. Ня мог я пэцкаць рукі аб гэтага... Ня мог. Іначай згубіў бы павагу да сябе назаўжды....І такой агідзе падпадаюць пад час суда людзі!»
(Урывак з аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха»)
- Караткевіч пра тое, што хай лепей загіне Беларусь, калі не здабудзе волю
«Сякуць, краіна, карак твайму сыну,
Ды ты не кажы ім: „Даволі!“...
Хай лепей ніколі ня будзе краіны,
Чым будзе краіна — бяз волі».
(«Эпітафія. Пакараным сьмерцю ў 1882 годзе»)
- Караткевіч пра хвалю арыштаў
«Цэлыя дні варта хадзіла па дамах, вышукваючы крамолу, хапала людзей і цягнула ў вялікую судную залу... прысуды выносілі пачкамі, ня дужа разьбіраючыся, што там да чаго... лютавалі, падаючы хлусьлівыя даносы, віжы і сокі. І таму па горадзе кацілася лявіна арыштаў. Забіралі бацькоў у дзяцей і дзяцей у бацькоў, мужа — ад улюбёнай жонкі, хлопца — ад каханай. Уся Гародня ня спала па начах. Людзі ляжалі і глядзелі бяссоннымі вачыма ў цемру. Пружына хлусьлівага даносу магла ўдарыць кожнага ў кожную хвіліну».
(Урывак з рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»)
- Караткевіч пра новае пакаленьне свабодных беларусаў
«Гіене — баяцца, сабаку — вішчаць,
Сьвіньні — рыцца ў гноі сваім,
А льву патрэбны калючы гушчар,
Родны край і свабода ў ім.
П’ю за тое, каб нам сярод родных лясоў
Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць,
Бо ўсе мы тут не з гіен і ня з псоў,
Бо мы — сапраўднай крыві».
(Урывак зь верша «Амаль хрысьціянскі тост за ворагаў»)
Читайте еще
Избранное