Але вось такое стаўленне. У сістэме каштоўнасцяў чыноўнікаў няма такой праблемы. Маўляў, калі хтосьці з жывёл перашкаджае, можна іх проста знішчыць. На два крокі наперад ніхто не думае.
Яна Жураўлёва: «Адлоў і адстрэл не дапамогуць зменшыць колькасць бяздомных жывёл у краіне»
Ветэрынар патлумачыла «Салідарнасці», як можна вырашыць праблему.
На пачатку траўня ў Гомелі на 11-гадовую дзяўчынку напалі бяздомныя сабакі і пакусалі ўсё цела. Школьніцу выратаваў мясцовы жыхар, які праязджаў міма і пачуў крыкі. Пасля аперацыі дзіця апынулася ў рэанімацыі.
Бяздомныя сабакі і коты — даўняя і шырока распаўсюджаная праблема ў Беларусі. Спыталі ў ветэрынаркі Яны Жураўлёвай, як яе варта было б вырашаць.
— У Беларусі, на жаль, даволі жахлівая сітуацыя з бяздомнымі жывёламі. Па факце, ніхто ніколі не спрабаваў нічога рабіць, каб кантраляваць колькасць гэтых жывёл. Усё, што праводзіцца з 1991 года, — жорсткі адлоў і адстрэл. У Мінску ёсць прытулак на Гурскага, дзе жывёлу трымаюць некалькі дзён пасля адлову. У іншых рэгіёнах сітуацыя яшчэ горшая, — кажа суразмоўніца «Салідарнасці».
Ветэрынар тлумачыць: нават калі разглядаць адлоў або адстрэл не з гуманнага пункту гледжання, а як інструмент кантролю колькасці — гэта ўсё роўна няправільная гісторыя:
— Калі сабакі збіваюцца ў зграі, гэта становіцца небяспечным для людзей. Як і з выпадкам у Гомелі — на дзяўчынку напала менавіта зграя. Адлоў і адстрэл такіх сабак можа знайсці водгук сярод некаторых людзей: проста таму, што такая сістэма каштоўнасцяў — чалавечае жыццё важнейшае. Таму, маўляў, можна проста знішчыць гэтыя зграі.
Але гэта, звяртае ўвагу Яна, не дапаможа зменшыць колькасць бяздомных жывёл у краіне. Ёсць такая з’ява, як арэал жыхарства:
— Ёсць нейкая колькасць жывёл на нейкую тэрыторыю. Там абавязкова будзе і арэал: месца, дзе жывёлы размяшчаюцца, ядуць і п’юць. Напрыклад, там жывуць дзесяць сабак. Усіх не адстрэліш: некаторыя ўсё роўна недзе схаваюцца. Калі з дзесяці забіць восем, арэал будзе вычышчаны і вольны для двух тых, што засталіся. Праз сезон яны народзяць шчанят, якім ужо будзе хапаць на гэтым месцы ежы і іншых рэсурсаў, каб вырасці, умацавацца і праз сезон пачаць пладзіцца. У выніку сабак будзе яшчэ болей, чым да адстрэлу.
Як тады вырашаць праблему? Суразмоўніца «Салідарнасці» прапануе паглядзець на вопыт Турцыі, Грузіі і еўрапейскіх краін, дзе замест негуманных метадаў выкарыстоўваюць іншыя: кастрацыю і вакцынацыю бяздомных жывёл, якія потым працягваюць жыць на вуліцы.
— Дзякуючы такому падыходу ў гэтых краінах амаль няма праблем з бяздомнымі жывёламі. Агулам такія сабакі і коты ёсць, але ў параўнанні з Беларуссю і блізка не стаіць.
Так, трэба памятаць, што ёсць розніца ў клімаце. У Беларусі холадна, таму выпускаць жывёл на вуліцу таксама не вельмі гуманна, але нічога не перашкаджае пабудаваць нейкія домікі.
Вельмі важна зрабіць кастрацыю і прышчэпку ад шаленства. Пасля кастрацыі сабакі ўжо не такія агрэсіўныя і не так бароняць сваю тэрыторыю. Да таго ж яны не будуць пладзіцца.
З такім пыдаходам праблема бяздомных жывёл будзе паступова вырашацца, але натуральным чынам. Вулічная сабака ў сярэднім жыве каля трох гадоў, бо вуліца для яе — небяспечная прастора. Дрэнная ежа, хваробы, паразіты, машыны. Калі сабака яшчэ і кастраваны, арэал будзе сам па сабе змяншацца. Калі такая праграма будзе па ўсёй краіне, праблему можна вырашыць за некалькі гадоў. Пры гэтым трэба разумець, што ідэалу ўсё роўна не будзе, — кажа ветэрынар.
Апроч пералічанага, важным кавалкам у барацьбе з’яўляецца лікбез насельніцтва:
— Людзям трэба растлумачыць, чаму важна рабіць кастрацыю і чаму гэта тычыцца не толькі бяздомных жывёл. У жыцці здараецца рознае: гаспадару можа стаць дрэнна і сабака збяжыць, або яшчэ нешта. Важна, каб потым ён не прынёс шчанят.
Таксама трэба тлумачыць, чаму вельмі важна рабіць прышчэпку ад шаленства. Беларусь — небяспечная краіна ў плане шаленства. У нас людзі баяцца вакцынацый. У сваёй працы я сутыкалася з гэтым. Амаль ніхто са звычайных людзей не разумее, што шаленства — гэта на 100% смяротная хвароба з моманту першых праяўленняў. Яе не магчыма вылекаваць. Толькі зрабіць вакцынацыю як мага хутчэй пасля укусу.
Таксама трэба ўводзіць інструмент кантролю за людзьмі, якія выкідваюць сваіх жывёл. Калі ўлады ўжо пачалі прыдумляць падаткі на сабак і г.д., так няхай увядуць і абавязковае чыпаванне для жывёл. Можна зрабіць гэта не рэзка, а паступова. Каб ва ўсіх жывёл быў чып, па якому можна ўбачыць інфармацыю пра ўладальніка. Для адэкватных людзей гэта будзе абсалютна нармальна. Пры гэтым безадказныя людзі задумаюцца і, магчыма, увогуле не завядуць жывёлу.
І апошняе — трэба пашыраць колькасць прытулкаў. Гэта ўсё каштуе немаленькіх грошай. Кастрацыя, прышчэпкі, прытулкі. Але калі задацца мэтай — гэта магчыма. Праблему безхатніх жывёл не выправіць за адзін месяц. Але трэба пачаць. А потым паступова працягваць і працягваць. Прытулкі — гэта ж і дадатковыя працоўныя месцы для людзей. Добрая справа, — рэкамендуе Яна.
Праблема безхатніх жывёл, падагульняе ветэрынар, не хвалюе сённяшнюю ўладу:
— Калі Лукашэнка едзе ў нейкую вёску або райцэнтр, то за некалькі дзён да гэтага там пачынаюць адлаўліваць усіх жывёл. Незалежна ад таго, ёсць ашыйнік ці не. Яны настолькі баяцца наступстваў за тое, што не вырашылі гэту праблему раней, што ім прасцей забіць усіх. І хатніх, і не. Улічваючы, што забойства ні тых, ні другіх — гэта ненармальна.
Насамрэч вырашыць праблему магчыма. Так, не аднім дзеяннем, а цэлым комплексам. Але гэта важна, калі мы хочам жыць у краіне, дзе будзе камфортна ўсім. Калі колькасць бяздомных жывёл паменшыцца, гэта вырашыць праблему не толькі жывёл, а яшчэ і людзей, што жывуць побач.
Читайте еще
Избранное