Урокі гісторыі. Чым скончылася складанне паўнамоцтваў ураду БНР на карысць Савецкай Беларусі сто год таму
Аматарам «перагарнуць старонку» прысвячаецца.
Чарговая гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі — добрая нагода, каб уважліва прыгледзецца да працэсаў, якія сёння адбываюцца на нашых вачах. І гэтым разам мы пагаворым не пра векапомную падзею 25 сакавіка 1918-га, а пра тое, што адбылася сто год таму.
Гаворка пра Другую Усебеларускую канферэнцыю, якая прайшла ў кастрычніку 1925-га ў Берліне. Яе ўдзельнікі, беларускія палітычныя дзеячы з эміграцыі, прызналі сталіцу БССР Мінск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння».
Тым самым яны пастанавілі, што ўрад БНР складае свае паўнамоцтвы і прызнае ўлады БССР адзіным паўнамоцным прадстаўніком беларускага народу.
Варта адзначыць, што ініцыяваў берлінскую канферэнцыю старшыня Рады народных міністраў БНР Аляксандр Цьвікевіч, а прынятыя на ёй рашэнні адобрыла большасць дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Адзначым таксама, што тыя рашэнні былі аспрэчаныя іншымі палітычнымі дзеячамі тагачаснай эміграцыі, да нашых дзён захавала сваю дзейнасць Рада БНР.
Але як такое стала магчымым? Коратка патлумачым. Урад БНР не ўтрымаў уладу і апынуўся ў выгнанні. Усе ягоныя высілкі з гэтага часу былі скіраваныя на тое, каб давесці сваё права прадстаўляць інтарэсы беларускага народу.
Тым часам Рыжская дамова падзяліла Беларусь на дзве часткі. У БССР набірала моц палітыка беларусізацыі, разбудоўвалася нацыянальная асвета і навука. У Мінску пачалі задумвацца над тым, каб канчаткова замацаваць за сабой манаполію на прадстаўніцтва беларусаў у краіне і свеце.
Фактычна не было поля для дзейнасці ўраду ў выгнанні і ў тагачаснай Польшчы, якую заходнія дзяржавы разглядалі ў якасці буфера на мяжы з Савецкай Расіяй. Тым больш, польскія ўлады ўзялі курс на асіміляцыю «крэсаў усходніх».
Урад БНР, які ад самага пачатку меў сціплую міжнародную падтрымку, апынуўся ў надзвычай складанай сітуацыі: ён фактычна не меў аніякага ўплыву на хаду падзей унутры БССР і Заходняй Беларусі, адначасова гублялася рэшта сувязяў па-за іх межамі. Не кажучы пра заўсёдны недахоп рэсурсаў, спрэчкі, разыходжанні ў меркаваннях і раскол.
Як вынік — напрыканцы 1925 года паўстала пытанне пра далейшы лёс ураду...
Чаму мы згадваем пра гэта сёння? Сярод прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў у выгнанні ёсць тыя, хто выступае за нармалізацыю адносінаў з палітычным рэжымам у Беларусі. Логіка тут такая: Лукашэнка захаваў сваю ўладу, жыццё ў краіне працягваецца без нас. Таму, каб мець магчымасць вярнуцца і працаваць на карысць краіны, мусім прызнаць сваю паразу.
І акурат гісторыя берлінскай канферэнцыі вучыць нас, чым небяспечныя такія ідэі. Сто год таму ўлады БССР здолелі пераканаць ладную частку ідэйный апанентаў не толькі скласці паўнамоцтвы на іх карысць, але і вярнуцца на радзіму.
Многія так і зрабілі. Вынік быў катастрафічны: большасць колішніх урадоўцаў былі знішчаныя ў часе сталінскіх рэпрэсій, у тым ліку ініцыятар сустрэчы ў Берліне Цвікевіч, расстраляны ў 1937-м. Зрэшты, трагічны лёс напаткаў і большасць айцоў-заснавальнікаў БССР.
Падаецца, за апошнія пяць год мы мелі дастаткова доказаў таго, што сённяшніх апанентаў лукашэнкаўскага рэжыму, якія наважацца такім чынам «перагарнуць старонку», чакае не самы лепшы лёс. Тым больш, выглядае на тое, што той бок вучыцца на ўроках гісторыі.
Яшчэ напрыканцы 2020-га прапагандыст Вадзім Гігін напісаў артыкул пра тую самую канферэнцыю ў Берліне, у якім падрабязна апісаў выклікі, перад якімі апынуўся тагачасны ўрад у выгнанні. Прывядзём колькі цытат на мове арыгінала.
Руководство БССР решило использовать ситуацию для окончательной ликвидации эмигрантских центров. В это время советская разведка проводила активные мероприятия за рубежом. (...)
Против белорусской эмиграции было развернуто идеологическое наступление. Его началом можно считать совместное постановление ЦИК СССР и БССР от 11 июня 1923-го об амнистии по случаю третьей годовщины освобождения Минска от польских оккупантов.
Это дало возможность вернуться на родину многим деятелям культуры и науки. Сама процедура получения амнистии предусматривала отказ от своих прежних политических убеждений.
Фактычна, Гігін ужо тады правёў паралелі паміж падзеямі 1925-га і сучаснасцю. Адзначыўшы відавочнае — адсутнасць магчымасці ўплываць на падзеі ўнутры краіны, знаходзячыся ў выгнанні, вядзе да пасутуповай маргіналізацыі — прапагандыст зрабіў наступную выснову:
Но и власти на родине не должны сидеть сложа руки. Тогда, в 1920-е годы, советская сторона проявляла чудеса политической гибкости, маневра. Без преувеличения можно сказать, что правительство БССР при поддержке Москвы предпринимало меры, которых от него никак не ожидали оппоненты. Делало это последовательно и решительно.
Штосьці нам гэта нагадвае, ці не так?
Читайте еще
Избранное