Сяргея Рыжова звольнілі з працы
Сяргей Рыжоў, які адмовіўся балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду з той прычыны, што пад ціскам непасрэднага кіраўніцтва яго ініцыятыўная група ня здолела сабраць 100 тысяч подпісаў, сёньня атрымаў загад на звальненьне.
Паводле Сяргея Рыжова, прычына звальненьня надуманая: адміністрацыя прадпрыемства абвінаваціла яго ў тым, што ён "прагуляў" тры гадзіны працоўнага часу 4 кастрычніка.
У той дзень зранку, паводле спадара Рыжова, ён выклікаў дахаты ўчастковага лекара, бо дрэнна пачуваўся. Аднак бальнічны ліст яму не далі — лекарка прапанавала яму ўвечары зьявіцца на камісію ў паліклініку. Да 12-й гадзіны Сяргей Рыжоў паехаў у суд, дзе разьбіралася справа пра неўключэньне ў выбарчую камісію праваабаронцы Паўла Левінава. На той час патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду быў адным з тых, хто рэкамэндаваў спадара Левінава, і таму мусіў быць на працэсе ў якасьці сьведкі.
Пасьля суду Сяргей Рыжоў рушыў у паліклініку і прайшоў мэдычны агляд. Даведку з паліклінікі і позву ў суд ён прадставіў кіраўніцтву ў законным парадку, але тры гадзіны — ад візыту лекара да пачатку судовага працэсу — яму залічылі як прагул.
Экс-кандыдат на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах кажа, што пагрозы пра магчымае звальненьне чуў ад дырэктара камбінату з таго самага часу, як стала вядома пра яго намер балятавацца. Ён кажа таксама, што пад ціскам кіраўніцтва сёньня мусіў звольніцца і кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Даніл Гітцовіч — ён працаваў спэцыялістам сэктару зьнешнеэканамічнай дзейнасьці на тым самым камбінаце "Ноўка".
Читайте еще
Избранное