Але самая вялікая праблема не ў гэтым. Калі нехта робіцца нават дробным «стукачом» у калоніі, каб палепшыць сваю сітуацыю, то ён садзіцца на кручок на ўсё жыццё.
Статкевіч: Калі нехта робіцца нават дробным «стукачом» у калоніі, ён садзіцца на кручок на ўсё жыццё
Былы палітзняволены — пра лёс, наканаваны тым, хто вырашыў палепшыць сваё становішча коштам яго пагаршэння ў іншых.
— Адзін з маіх знаёмых, які жыве за межамі Беларусі, пацікавіўся маім меркаваннем па пытанню, што дыскутуецца ў сеціве — ці варта праваабаронцам аказваць матэрыяльную дапамогу былым палітвязням, якія ў калоніях супрацоўнічалі з адміністрацыяй і даносілі ёй на іншых палітвязняў, — піша Мікалай Статкевіч. — Карацей, былі «стукачамі», як такіх называюць.
На мой погляд, гэта пытанне найперш да донараў, якія фундуюць гэтую дапамогу, па якіх зададзеных імі крытэрыях яна павінна размяркоўвацца. Але трэба ўлічваць, што хоць у калоніі вязьні звычайна ведаюць тых, хто «ходзіць у штаб» да аператыўных супрацоўнікаў, бо там такое цяжка схаваць, але патрэбны сведчанні, як мінімум, некалькіх арыштантаў з добрай рэпутацыяй.
Бо ў такой справе магчымыя і агаворы на тле асабістай непрыязнасці. Ды й «службы» любяць пагуляць у такія гульні. Да прыкладу, часта крыніцамі плётак пра нібыта «супрацоўніцтва» некага з КДБ з'яўляюцца «сексоты» КДБ.
Калі гэта звычайны крымінальнік, то пасля вызвалення дадзеныя пра яго «стукацтва» перадаюцца ў РАУС па месцы жыхарства. Там яго прымушаюць працягваць даносіць на сваіх знаёмых ды сяброў ужо мясцовай міліцыі. А бывае, што такіх «падводзяць» і да «палітычных».
Дасье ж на вызваляемых «стукачоў», якія даносілі на сваіх таварышаў у калоніі, перадаюцца КДБ. Іх могуць зрабіць «сексотамі» перад вызваленнем. Потым знаходзяць і за мяжой, бо Інтэрнэт дазваляе, і прапануюць працягнуць «супрацоўніцтва». Пры адмове пагражаюць блізкім, што засталіся ў Беларусі, ці апублікаваць у сеціве відэадоказ даносаў у калоніі.
Калі былы «стукач» ці «сексот» пагаджаюцца, то ператвараюцца ўжо ў «шпіёна» замежнай дзяржавы ў краіне знаходжання. А значыць — у злачынцу па мясцовым законам з перспектывай новага зняволення.
Вось такі лёс наканаваны «стукачам» — тым, хто вырашыў палепшыць сваё становішча коштам яго пагаршэння ў іншых. Галоўная праблема не ў тым, ці аказваць дапамогу тым, каго выкрылі як «стукача», а ў бяспецы тых праваабаронцаў, якія яму гэту дапамогу арганізуюць, і іх блізкіх на радзіме.
Бо людзі, якія прайшлі гэты шлях ад «стукачоў» да «шпіёнаў», маральных тармазоў ужо не маюць — здадуць і тых, хто ім дапамагае. Ну, няхай праваабаронцы самі вырашаць, як з такімі працаваць. Астатнім жа я рэкамендую трымацца ад такіх як мага далей.
Читайте еще
Избранное