Политика

Навумчык: «Забарона Масквы на паездку да Трампа на «Савет міру» — дробязь у параўнаньні з цяперашнімі сумеснымі ядзернымі вучэньнямі»

Аналітык — пра палітыку ЗША ў дачыненьні да Беларусі.

— Сумесныя беларуска-рсейскія ядзерныя вучэньні ставяць пад пытаньне рэалізацыю жаданьня цяперашняй адміністрацыі ЗША «адарваць Беларусь ад Расеі», калі яно сапраўды існуе, — піша Сяргей Навумчык.

Магчыма, я памыляюся (і вельмі хацеў бы памыліцца), але, на мой погляд, ніякага такога імкненьня ў Вашынгтона сёньня няма. Я ўвогуле сумняюся ў наяўнасьці ў Белага Дому колькі-небудзь цэласнай канцэпцыі міжнароднай палітыкі. Наадварот, мы бачым суцэльную непрадказальнасьць, якую часам спрабуюць патлумачыць мударгелістай «шматходовай» стратэгіяй.

Але неўзабаве высьвятляецца: дзе чакалі стратэгію — атрымалі хаос. Ці — вынік, супрацьлеглы жаданаму.

Прыгадаем хаця б, што год таму аслабленьне Вашынгтонам Эўропы з боку Белага Дому тлумачылі неабходнасьцю сканцэнтраваць увагу на кітайскім накірунку — каб падрыхтавацца да новага, больш актыўнага  этапу супрацьстаяньня з экспансіяй камуністычнага Кітаю.

Пэўную лёгіку ў гэтым, трэба прызнаць, можна было ўбачыць. Але — дзе ўсе гэтыя тлумачэньні пасьля нядаўняга візыту Трампа ў Пэкін?

Сяргей Навумчык

Тое ж тычыцца і Беларусі. Лексыка гаспадара Белага Дому кшталту падзякаў за «сяброўства», звароты «высокапаважаны прэзыдэнт» — дыямэтральна супярэчыць пазыцыі Кангрэсу ЗША, які афіцыйна прызнаў Лукашэнку нелегітымным, фактычна ўзурпатарам.

Было б несумленна аспрэчваць гуманітарную ролю адміністрацыі Трампа ў вызваленьні беларускіх палітычных вязьняў. Але ня варта бачыць у гэтым працэсе з боку Лукашэнкі нешта іншае, чым цынічны гандаль — па той простай прычыне, што рэпрэсіі не спыняюцца, літаральна кожны дзень мы даведаемся пра новыя арышты і новыя суды (а пра колькі яшчэ невядома!).

Паўтару тое, што казаў пасьля пратэстаў 2020: Лукашэнка атрымаў шок нагэтулькі моцны, што рэпрэсіі ён ня спыніць ніколі, і ўсялякія спадзяваньні на «лібэралізацыю» марныя.

Уратаваў Лукашэнку ў 2020-м Пуцін, і гэта дазволіла Крамлю цяпер ужо практычна цалкам узяць Беларусь пад кантроль.

Вядома, Лукашэнка можа рабіць выгляд самастойнасьці, але ня больш чым у межах стратэгічных інтарэсаў Расеі. Забарона Масквы на паездку да Трампа на «Савет міру» — дробязь у параўнаньні з цяперашнімі сумеснымі ядзернымі вучэньнямі.

І ня мае ніякага значэньня, ці сапраўды па беларускіх лясах перамяшчалася пускавыя ўстаноўкі, ці тое проста штабныя вучэньні.

Ці — нават і штабных вучэньня не было, а гэта, як цяпер модна казаць, «інфармацыйна-псыхалягічная апэрацыя», каб Захад папужаць.

Сама па сабе інфармацыя пра такія вучэньні ставіць пад сумнеў сыстэму эўрапейскай бясьпекі, выводзіць пагрозу для міру на іншы, больш высокі ўзровень.

Натуральна, гэта надзвычай дрэнна ўплывае на імідж Беларусі як незалежнай дзяржавы. Але ў тым большай ступені паказвае сьвету сапраўднае месца Лукашэнкі, цалкам залежнае ад стратэгічных інтарэсаў Масквы.