Двух першых беларускіх палітвязьняў Ельцын, адназначна, уратаваў. Але ў тыя ж самыя дні ён рэалізоўваў праграму інтэграцыі, супраць якой і выступілі Сіўчык і Хадыка, і якая на дзесяцігодзьдзі зацягнулася пятлёй на шыі беларускага народа.
Навумчык: «Адкіньце ілюзіі — ніякай праграмы адносна Беларусі ў Трампа няма»
Палітычны аглядальнік — пра перспектывы Беларусі на фоне сусветнай павесткі.
— З самага пачатку вайны з Іранам я пра яе не выказваўся, цяпер паспрабую зрабіць некаторыя папярэднія высновы — у тым ліку і ў дачыненьні да магчымых пэрспэктываў Беларусі. Яны, адразу скажу, далёкія ад аптымізму, — піша Сяргей Навумчык.
Адносна пытаньня «Хто перамог?» сказаў бы гэтак: для Ірану параза, калі яна не стопрацэнтовая — гэта перамога. Для ЗША перамога, калі яна не стопрацэнтовая — гэта параза.
І сапраўды, для Амэрыкі сытуацыя значна горшая, чым яна была да пачатку вайны, бо ніякія мэты ЗША (Ізраіль тут — асобная тэма) альбо не дасягнутыя, альбо дасягнутыя мэты супрацьлеглыя.
Казаць пра зьмену іранскага рэжыму, як гэта цяпер робіць Белы дом — гэта як калі б, замяніўшы Лукашэнку на якога-небудзь Карпянкова, сьцьвярджаць пра зьмену рэжыму ў Беларусі; падзеі 2020-га паказалі, што апошні прымяняў бы значна больш жорсткія рэпрэсіі, чым цяперашні правіцель.
Зрэшты, ёсьць і рэальны прыклад 1994 году, калі камуніста Кебіча, зь якім хай і зь цяжкасьцю, але можна было хаця б у нечым дамаўляцца, замяніла каманда «камсамольцаў» Лукашэнкі, якая разам з сілавікамі ўзяла курс на аб’яднаньне з РФ, уласнае ўзбагачэньне і рэпрэсіі, і зь якой немагчыма было дамовіцца ні аб чым.
Сёньня ў Іране рэальная ўлада ў руках «камсамольцаў-сілавікоў» — Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі, і публічнымі пакараньнямі сьмерцю (у тым ліку і вядомага спартоўца) яны ясна прадэманстравалі, што літасьці ад іх чакаць ня варта.
Мэта ліквідацыі іранскай праграмы ўзбагачэньня ўрану да ўзроўню стварэньня ядзернай зброі таксама ня выкананая. Больш за тое: выявілася, што і леташні разгром падземных сховішчаў ня даў выніку, пра які пераможна заяўляў Трамп.
Тое, што колькасьць узбагачанага ўрану невялікая, супакойваць не павінна: каб зьнішчыць ненавісны яму Ізраіль, Тэгерану не патрэбна ні 500 боегаловак, ні нават 50: дастаткова пяці (адмыслоўцы лічаць, што цяпер Іран можа зрабіць каля дзясятка бомбаў).
Зьніжэньне коштаў на нафту ў выніку падзеньня рэжыму аятолаў афіцыйна Белым домам не заяўлялася, але яно мелася на ўвазе, бо дзесяцігодзьдзямі лічылася, што яно адбудзецца ў выніку зьняцьця санкцый. Ня ведаю, ці трэба тут нешта камэнтаваць — кожны можа на свае вочы ўбачыць цэньнікі на аўтазапраўках.
А вось што варта адзначыць — дык гэта надзвычай эфэктыўныя дзеяньні Кіева, якія дакладнымі ўдарамі па расейскай сыстэме транспарціровак істотна зьменшылі прэфэрэнцыі Масква, якія тая ад сусьветнага паліўнага крызісу.
Дакладней, пачатку крызісу — шмат якія экспэрты лічаць, што наперадзе яшчэ больш цяжкія для сусьветнай эканомікі часы.
З моманту «другога прышэсьця» Трампа ягоная міжнародная палітыка некаторымі аналітыкамі расцэньваліся як рэалізацыя праграмы аслабленьня Кітаю, і гэта лічылася і па сёньня лічыцца асноўнай стратэгічнай мэтай Вашынгтону, у межах якой часта разглядаюцца і жэсты ў бок Пуціна (з мэтай адарваць Маскву ад Пэкіну).
Аднак калі і ёсьць пераможца ў цяперашнім яшчэ не завершаным сюжэце, дык Кітай. І нават не за кошт спрыяньня перамовам, а як праваднік стратэгіі, якая абсалютна адсутнічае ў Вашынгтона і запатрабаваная ў міжнароднай палітыцы чым далей, тым болей. Я маю на ўвазе стабільнасьць.
Нельга абыйсьці і падзеньне міжнароднага аўтарытэту ЗША як сусьветнага лідэра. «Трамп даў задні ход» — асноўны лейтматыў сёньняшніх камэнтароў. і даў ён яго пасьля гістэрычных, па-за межамі прыстойнасьці заяваў, зь Белага дому на памяці цяперашніх пакаленьняў нечувальных.
Нарэшце, ЗША ня здолелі абараніць сваіх саюзьнікаў у рэгіёне канфлікту.
На фоне гэтых глябальных аспэктаў можа згубіцца дэталь, якая, на мой погляд, можа мець непасрэднае дачыненьне да Беларусі, хаця, на першы погляд, падаецца ад гэтага вельмі далёкай. Я маю на ўвазе «сюрпрыз», пра які пасьля пачатку вайны сказаў Трамп — абстрэл Тэгеранам інфраструктуры краінаў-суседак і блякаду Армузскага праліву.
Выбар з двух варыянтаў: альбо амэрыканская выведка не пралічыла верагоднасьць дзеяньняў Тэгерану ў адказ, альбо Белы дом іх праігнараваў. У першае верыцца зь цяжкасьцю, хаця выключаць гэтага нельга — не лічыла ж ЦРУ яшчэ ў пачатку 91-га распад СССР найбольш верагодным сцэнаром.
Другое — больш рэальна, калі ўлічыць стыль прыняцьця рашэньняў цяперашняй адміністрацыяй, у якім вызначальную ролю адыгрываюць асабістыя жаданьні Трампа, непрагназуемыя, падобна, ня толькі для ягонага атачэньня, але і для яго самога. Звычайна гэта завецца — капрыз.
Прыхільнікі Трампа зь ліку апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі казалі, што ў цяперашняй амэрыканскай адміністрацыі ёсьць плян адносна Беларусі, што ня трэба рабіць скарасьпелых высноваў і трэба пачакаць. У якасьці пацьверджаньня прыводзіліся сапраўды эфэктыўныя і дзеяньні Белага дому ў справе вызваленьня палітычных зьняволеных.
Аргумэнт, здавалася б, бясспрэчны. Але мне прыгадваецца лета 1996-га, калі лідэры БНФ Вячаслаў Сіўчык і Юрась Хадыка трымалі на Валадарцы бестэрміновую палітычную галадоўку і апынуліся на мяжы жыцьця і сьмерці. За краты яны былі кінутыя на піку масавых пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй.
Тады Ельцын пазваніў Лукашэнку (як распавядаў мне Яўлінскі, ён якраз і папрасіў гаспадара Крамля ўмяшацца і быў пры размове, Барыс Мікалаевіч казаў: «Аляксандар Рыгоравіч, выявіце міласэрнасьць! Што там у вас ім сьвеціць, расстрэл? Ну, дайце 15 гадоў. 15 гадоў? Ну дык дайце 8! А ўвогуле — вызваліце!»).
Дзеяньні Белага дому адносна беларускіх палітвязьняў, бясспрэчна, вартыя ўдзячнасьці. Але яны, на мой погляд, не зьяўляюцца часткай нейкай праграмы дэмакратызацыі.
Пра цэласную канцэпцыю адносінаў да Беларусі нельга было казаць і пры папярэдніх адміністрацыях (незалежна ад таго, рэспубліканец ці дэмакрат быў у Белым доме), але тады хаця б дэкляравалася прыхільнасьць дэмакратычным нормам (тут заўважу, што мне дзіўна чуць пра «не зьвяртайце ўвагі на словы Трампа, глядзіце на дзеяньні» — палітыка якраз са словаў ды дэклярацый складаецца ня ў меншай ступені, чым зь дзеяньняў, бо самі гэтыя дзеяньні і вынікаюць за словаў. А калі не вынікаюць — гэта завецца падманам).
ЗША няспынна зьвярталі ўвагу на парушэньні правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі, гэта было вялікай падтрымкай і актывістам апазыцыі, і праваабаронцам — цяпер жа, за больш чым год, мы не пачулі пра правы чалавека з Белага дому ні слова.
Адкіньце ілюзіі — ніякай праграмы адносна Беларусі ў Трампа няма. Яе і ня можа быць, калі паглядзець больш шырэй на цяперашнюю міжнародную палітыку ЗША, схалястычную і эклектычную, абсалютна непрагназуемую. Тыя, хто спадзяваўся на новую амэрыканскую адміністрацыю, памыліліся.
Брусэль жа праграму мае, і ўмяшчаецца яна ў два словы — жалезная заслона.
Калі год таму верагоднасьць ядзернага Апакаліпсісу разглядалася пераважна гіпатэтычна, дык сёньня яна робіцца ўсё больш верагоднай. У бездань хаосу і нестабільнасьці апускаюцца ўсе краіны, незалежна ад формы дзяржаўнага ўладкаваньня і палітычнага ладу.
Але ў Беларусі — адзінай на плянэце краіне! — зьнішчэньне падмуркаў дзяржаўнасьці (нацыянальнай ідэнтычнасьці, мовы, культуры) вось ужо больш як тры дзесяцігодзьдзі застаецца адной з асноўных мэтаў улады і рэалізоўваецца чым далей, тым болей апантана.
Ва ўмовах усясьветнага хаосу адсутнасьць разуменьня нацыянальных інтарэсаў (разуменьня, у той ці іншай ступені ўласьцівага ўсім без выключэньня кіраўнікам дзяржаў, і дэмакратам, і дыктатарам, усім, акрамя Лукашэнкі) можа каштаваць зьнікненьня Беларусі з палітычнай мапы сьвету.
І гэта будзе сапраўдная (і ўжо канчатковая) плата за 1994-ты, калі быў аброчны той, хто адкрыта дэкляраваў ліквідацыю Беларусі як незалежнай дзяржавы, і за 1995-ты, калі былі растаптаныя сымбалі нацыі, яе мова і яе гонар.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное