Скандалы

Начальнік міліцыі Брагіна страляў у сваю жонку. Яна цудам выжыла

Сяргей Нязнаеў трапіў на Чорную карту Беларусі за тое, што даваў у судзе хлуслівыя паказанні супраць удзельнікаў пратэстаў. Цяпер ён за кратамі, піша Наша Ніва.

Кар'ера палкоўніка Сяргея Нязнаева, абарвалася нечакана, у адзін момант. Ён, начальнік Брагінскага РАУСа, напіўся і стрэліў у сваю жонку Аксану.

«Пашанцавала: літаральна некалькі міліметраў лявей — і яна б не выжыла», — напісаў блогер Ігар Лосік, які апынуўся ў СІЗА КДБ у адной камеры з арыштаваным Нязнаевым.

Па словах Лосіка, 46-гадовага былога міліцэйскага начальніка ўжо асудзілі. Дакладны прысуд невядомы.

У 2020 годзе Нязнаеў быў першым намеснікам начальніка Кармянскага РАУСа і дэпутатам мясцовага райсавета. У той час яго імя дадалі на Чорную карту Беларусі — за тое, што даваў у судзе хлуслівыя паказанні супраць удзельнікаў пратэстаў.

Сяргей Нязнаеў. Калі ішоў у дэпутаты, то пазначаў маёмасць — тады ў яго былі кватэра ў Гомелі і матацыкл

У лютым 2021 года Нязнаеў з'ездзіў дэлегатам на Усебеларускі народны сход.

Ліпень 2021 года быў багаты на падзеі для гэтага міліцэйскага начальніка. Спачатку ён судзіўся з 31‑гадовым мясцовым жыхаром, які напісаў на яго негатыўныя каменты ў інтэрнэце.

Палітвязень атрымаў два гады «хіміі» з накіраваннем, а таксама павінен быў заплаціць 1500 рублёў кампенсацыі. А праз некалькі тыдняў вынеслі прысуд іншаму жыхару Кармы — за тое, што прыйшоў на прыём да Нязнаева і некалькі разоў ударыў яго. 38‑гадовы мужчына атрымаў за гэта два гады калоніі.

У канцы 2021 года міліцыянер пайшоў на павышэнне — узначаліў Брагінскі РАУС. У маі 2024 года міліцэйскі начальнік прапаў з публічнай сферы. Адна з апошніх згадка пра яго ў мясцовай прэсе — датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбарах, куды Сяргей Нязнаеў разам з жонкай прыйшоў адным з першых.

Гэта была пара, пра якую з гонарам пісалі прапагандысты. Аксана Нязнаева нават атрымала медаль «Жонцы афіцэра». Ён уручаецца тым жанчынам, якія былі ў шлюбе з міліцыянерамі ці вайскоўцамі на працягу больш чым 20 гадоў іх службы.

Аксана і Сяргей Нязнаевы (справа) у 2023 годзе. Менш чым праз год палкоўнік паспрабуе забіць жонку

«На думку Нязнаевых, зарокам шчаслівага сямейнага жыцця з’яўляецца здольнасць цаніць іншага чалавека, яго годнасць, захапленні, унутраны свет і жыццёвую пазіцыю, а таксама ўменне знаходзіць кампрамісы ў розных сітуацыях», — пісала гомельская міліцыя.

Няўменне знаходзіць кампраміс прывяло Нязнаева за краты. Дакладна не вядома, па якім артыкуле абвінавачвалі былога міліцэйскага начальніка. Калі кіравацца практыкай, то яго мусілі судзіць за забойства (артыкул 139 Крымінальнага кодэкса), але як за злачынства, не даведзенае да канца.

Ён хацеў забіць — проста прамахнуўся. Адказнасць за такую «спробу» такая самая, як і ў выпадку, калі б ён рэалізаваў свой план да канца. За забойства ў Беларусі даюць у залежнасці ад абставінаў ад 6 гадоў калоніі да расстрэлу.