Калі Лукашэнка кажа: маўляў, у нас у эканоміцы ўсё дрэнна, бо і ў свеце дрэнна, сусветная эканоміка не расце — па-першае, гэта няпраўда. Яна расла вышэй за прагнозы росту. А па-другое, у Беларусі ВУП рос значна ніжэй, і мы ўсё больш адстаем.
«Могуць узнікаць перабоі з тымі ці іншымі прадуктамі»
Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі — пра два дасягненні і стос правалаў беларускіх уладаў у кіраванні эканомікай.
— Для беларускай эканомікі адыходзячы год быў досыць правальны, — зазначыў Андрэй Махоўскі ў эфіры Еўрарадыё, — і тэндэнцыі, якія мы бачым напрыканцы году, зусім не аптымістычныя. Усё, што прадказвалі, здарылася — але нават у горшым варыянце, чым чакалася.
Ёсць літаральна некалькі рэчаў, пра якія можна сказаць, што там усё добра. Вельмі паказальным было выступленне Лукашэнкі на УНС, дзе ён змог прывесці толькі дзве лічбы: што вырас золатавалютны рэзерв і выраслі заробкі. Усё астатняе — агульныя словы.
Хоць ён падводзіў вынікі пяцігодкі, трэба ж было расказаць, чаго ты дасягнуў за гэты час. А расказаць няма чаго.
Ставілі задачу, каб рост эканомікі быў 21,5%. А ён склаў насамрэч, як прызнаў прэм’ер Турчын, усяго толькі 7%. Здавалася б: хоць нейкі рост ды ёсць, то чаму гэта дрэнна.
Але ідэя была, каб рост быў вышэйшы за сусветную эканоміку, бо мы адставалі і трэба было скараціць разрыў. А ў рэальнасці сусветная эканоміка прыбавіла за гэты час у раёне 19%, а мы толькі на 7%. То бок, разрыў павялічыўся, і мы ўсё больш і больш адстаем ад нашых суседзяў і ў цэлым па свеце.
Эканамічны аглядальнік нагадаў, што і прагнозы чыноўнікаў па інфляцыі не спраўдзіліся.
— Абмежаванне коштаў, якое дзейнічае ў Беларусі, нязначна аслабілі — але ж агулам яно дзейнічае. І тое, што нават з рэгуляваннем коштаў не змаглі апусціць інфляцыю, сведчыць: ёсць праблема, якую ўжо нельга вырашыць адміністрацыйнымі метадамі.
Галоўчанка ўжо сказаў, што ў наступным годзе пастараюцца ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні ў 5%. Гэты ягоны аптымізм палягае на тым, што сёлета ў апошні месяц года рост цэн быў вельмі нізкі. Але чаму так адбылося — бо не было ўплыву расійскай інфляцыі на беларускую. То бок, гэта не заслуга беларускіх уладаў, а таму, што ў Расіі цэны прыпалі. Аднак ужо зноў пачалі расці.
І ўжо не толькі наш беларускі рубель цалкам залежыць ад расійскага, але і нашы кошты залежаць ад таго, што адбываюцца ў Расіі.
Чаго чакаць ад 2026 года? Прынамсі дэфіцыт бульбы ў крамах і на сталах беларусаў ужо наўрад ці паўторыцца, мяркуе Андрэй Махоўскі:
— Улады зрабілі шмат для таго, каб гэтага не адбылося. Але ж усё не адсочыш. І калі за бульбай асабіста Лукашэнка прыглядае, то ёсць шмат іншых тавараў. Вось мы свініну ў РФ закупляем — і калі пачнем рэгуляваць кошты на свініну, то можам атрымаць дэфіцыт свініны.
Калі сцісла — мяркую, могуць узнікаць перабоі з тымі ці іншымі прадуктамі. Але з якімі менавіта, прагназаваць не бяруся: гэта залежыць шмат у чым ад канкрэтных рашэнняў, якія будуць прымаць беларускія ўлады.
Читайте еще
Избранное