Пашынян малоціць Лукашэнку як баксёр гумовую грушу. Ён выказвае тое, што не рызыкуе сказаць наўпрост Пуціну.
Класкоўскі: «Пашынян малоціць Лукашэнку як баксёр гумовую грушу. У Мінска рычагі ўплыву абмежаваныя»
Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ў каментары Филину — пра рэзкі адказ прэм’ера Арменіі правіцелю Беларусі.
Нікол Пашынян адказаў Аляксандру Лукашэнку на яго ранейшыя заявы пра тое, што Арменія «нікому не патрэбная». Пашынян адзначыў, што краіна больш не мае намеру залежаць ад аднаго саюзніка, аднаго маршруту або адной крыніцы газу.
Чаму Лукашэнка і Пашынян рэгулярна абменьваюцца калючымі заўвагамі і ці ёсць у Мінска рычагі ўздзеяння на прэм’ера Арменіі, які сваімі дзеяннямі падкрэслівае нелегітымнасць Лукашэнкі? Филин спытаў пра гэта палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага.
— У Лукашэнкі непрыязнасць і антыпатыя да Пашыняна з таго часу, як ён прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе ў выніку вулічных пратэстаў — тое, што на мове Лукашэнкі і Пуціна называецца «каляровай рэвалюцыяй».
Такіх лідараў аўтакраты вельмі не любяць, — тлумачыць Класкоўскі. — З гледзішча Лукашэнкі гэта нейкі выскачка, так бы мовіць «экстрэміст». Таму з першых сустрэч Лукашэнка пачаў адпускаць колкія рэплікі ў адрас Пашыняна.
Але галоўны канфлікт палягае паміж Ерэванам і Масквой. Пуцін больш стрыманы і не заўжды артыкулюе тое, што ў яго ў галаве. А для Лукашэнкі звыклая роля быць рупарам Крамля, бегчы наперадзе паравоза і гаварыць тое, што Пуцін, як былы хітры кэдэбіст, лічыць, што публічна лепей не агучваць.
То бок, Лукашэнка выступае як рупар Крамля, таму што асноўны канфлікт, паўтару, паміж Масквой і Ерэванам, бо Крэмль раўніва сочыць за еўрапейскімі памкненнямі армянскіх уладаў і хоча гэтаму перашкодзіць.
Калі тлумачыць рэзкасць з боку Пашыняна, то ён больш счэпліваецца менавіта з Лукашэнкам, а не з Пуцінам, бо з Масквой публічна сварыцца больш рызыкоўна. З Мінскам менш рызыкі, што Лукашэнка зробіць нейкія балючыя захады ў адказ.
Але тут не толькі эмацыйныя складнікі. З боку Пашыняна прысутнічае глыбокая крыўда за тое, што ягоную краіну Масква і Мінск не падтрымалі ў вайне за Карабах, і пры маўклівай згодзе хаўруснікаў па АДКБ гэта тэрыторыя адыйшла Азербайджану.
Таму гэтае варажнечае тлее ўвесь час. Цяпер Пашынян узгадаў старую крыўду, бо гэтае выказванне Лукашэнкі прагучала яшчэ ў 2024 годзе. Цяпер на перадвыбарчым мітынгу Пашыняну трэба было паказаць сваю рашучасць — што курс на Еўропу будзе насуперак таму, што пэўныя сілы хочуць ставіць палкі ў колы.
І ён зноў жа ўзгадаў Лукашэнку, хаця галоўныя перашкоды тут з боку Масквы.
— За апошнія паўгады Пашынян двойчы сустракаўся з Ціханоўскай — апошні раз на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ерэване. Якія ў Мінска ёсць рычагі ўздзеяння на прэм’ера Арменіі, які сваімі дзеяннямі падкрэслівае нелегітымнасць Лукашэнкі?
— Тут у арсенале Мінска не шмат вагароў уздзеяння. Калі ад Расіі Арменія моцна залежыць — у прыватнасці ў тым, што тычыцца пастаўкі энерганосьбітаў, то ў беларускім выпадку такой залежнасці няма.
З Беларусі ў Арменію не ідзе газ, а аб’ём гандлю ўвогуле не надта вялікі. Калі меркаваць па армянскіх звестках, то летась агульны гандаль з Беларуссю склаў каля 200 мільёнаў даляраў, што меней за 1% усяго знешняга гандлю Арменіі.
Нават калі Лукашэнка задумае перапыніць гандаль, гэта будзе абсалютна не смяротна да Арменіі. Але на што прыпыняць, калі гэта выгадна самому Мінску?
Канешне, Лукашэнку раздражняе, што Ерэван запрашае Ціханоўскую. І пасля яе візіту ў беларускі МЗС выклікалі часовага паверанага Арменіі, дзе заявілі рашучы пратэст, а таксама ўручылі адпаведную ноту ў сувязі з «нядаўнімі недружалюбнымі дзеяннямі армянскага боку».
Але там не было сказана, што гэта звязана з візітам Святланы Ціханоўскай. Мінску няёмка прызнавацца, што ён так балюча на гэта рэагуе. Так што рычагі ўплыву абмежаваныя.
— Наколькі сур’ёзным выглядае курс Арменіі на збліжэнне з ЕС: ці могуць Расія і яе саюзнікі сарваць гэты працэс?
— На сёння ўжо відавочна, што гэта стратэгічны курс армянскіх уладаў. Ён прадыктаваны ў тым ліку расчараваннем у Маскве і Мінску, бо яны не дапамаглі ў канфлікце з Азербайджанам.
З іншага боку, троху наладзіліся адносіны з Турцыяй, Баку, прычым пры спрыянні Вашынгтона. А Арменія і Азербайджан будуюць транспартны калідор імя Трампа, які павінен з'яднаць іх эканамічныя інтарэсы. То бок абстаноўка ў рэгіёне ўжо не такая пагражальная, як раней.
Еўропа таксама робіць крокі насустрач, аказвае фінансавую дапамогу, развіваюцца супольныя праграмы. Але гэта, канешне, вельмі цяжкі шлях — зразумела, што да ўступлення ў Еўрасаюз патрэбны не адзін год, а можа і дзясятак гадоў. Разрыў з Расіяй і яе саюзнікамі ў эканамічным плане сапраўды можа быць вельмі балючым.
Каб перайсці на еўрапейскія стандарты, увайсці на еўрапейскі рынак, трэба вельмі сур'ёзна перабудоўваць эканоміку. Разам з тым у межах ЕАЭС Арменія атрымлівае пэўныя перавагі.
Калі казаць пра магчымасці ўплыву перашкодзіць гэтаму шляху Арменіі, то Масква пагражае спыніць пастаўкі газу, нафтапрадуктаў. Пуцін адкрытым тэкстам дае зразумець Пашыняну, што адначасна быць у ЕАЭС і быць на ўваходжанні ў Еўразвяз не атрымаецца. Таму ў Расіі такога кшталту вагары ёсць.
Плюс ёсць магчымасць уплываць на вынікі цяперашняй электаральнай кампаніі. Пашынян і ягоныя паплечнікі змагаюцца за перамогу на парламенцкіх выбарах, каб Пашынян мог заставацца на пасадзе прэм'ера і працягваць праеўрапейскі курс. Але ў Арменіі моцныя і прарасійскія сілы.
Могуць ужывацца і нейкія гібрыдныя формы. Ужо бачыў, што Масква хоча 100 тысяч армян, якія жывуць у Расіі, завесці на выбары, каб яны прагаласавалі супраць Пашыняна.
Ну і, нарэшце, Пуцін нядаўна празрыста намякнуў, што курс Арменіі нагадвае тое, што ў свой час спрабавала зрабіць Украіна. Гэта ўжо амаль непрыхаваная пагроза, таму што, як вядома, імкненне Кіева да Еўразвязу скончылася тым, што Расія пачала вайну. Такая рызыка не выключана і да Арменіі. Таму армянскае кіраўніцтва асцярожна вядзе гэты курс.
Надзею на тое, што ён будзе працягвацца, дае пэўная аслабленасць Масквы, таму што Крэмль цяпер загруз ва Украіне.
Але гэта паказальны і цікавы кейс для Беларусі. Думаю, беларускія дэмсілы будуць пільна назіраць за армянскім сюжэтам, бо іх курс таксама скіраваны на інтэграцыю ў Еўропу.
І армянскі шлях будзе паказальным.
Читайте еще
Избранное