Дракахруст: Па выніках вызвалення палітвязняў Польшча можа пачаць свой трэк перамоваў з афіцыйным Мінскам
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст — пра чаканае вызваленне палітвязняў.
— Сітуацыя з выгнаннем палітвязняў не змяняецца, — адзначае Юры Дракахруст на Еўрарадыё. — Думаю, што такая сітуацыя — гэта прэцэдэнт менавіта з амерыканцамі, і не толькі ў адносінах з Беларуссю.
Можна прыгадаць, што гэтак жа мянялі расійскіх палітвязняў — Яшына, Кара-Мурзу і іншых. Некаторыя з іх не хацелі, каб іх дэпартавалі, але іх ніхто не пытаў.
Раней Лукашэнка мілаваў людзей і не высылаў іх з краіны. Па маёй версіі, гэта рэха ідэалагічнага афармлення 2020 года, калі яны лічылі, што ўсе апаненты рэжыму — марыянеткі Вашынгтона.
Таму калі мы каго вызваляем на просьбу Вашынгтона, ім і аддаём. Можа быць такая філасофія.
Дарэчы да так званага Дня народнага адзінства 17 верасня адбылося яшчэ вызваленне, такое невялічкае, там было некалькі дзясяткаў чалавек, мы нават мала якія прозвішчы ведаем. І іх не высылалі. Можа таму, што гэта не на просьбу амерыканцаў.
І калі памятаеце, у 2021 годзе было першае вызваленне 13 чалавек. Іх таксама не дэпартавалі. А ўсіх, каго вызвалялі па прамой просьбе амерыканцаў, дэпартавалі.
Дракахруст лічыць, што нават амерыканскі бок можа толькі прадбачыць наконт канкрэтных асоб, каго могуць вызваліць.
— Спісы, з якімі прыходзіць Коўл, гэта, кажучы мовай дыпламатыі, пазіцыя Захаду. То бок мы просім вас вызваліць гэтых людзей.
Але з другога боку, як бы мы да яго ні ставіліся, але гэта бок дыялогу, кажуць, а ў нас іншая пазіцыя.
І ў рэшце рэшт атрымліваецца нешта паміж гэтымі пазіцыямі, атрымліваецца тая самая здзелка-deal. І яе ўмовы адрозніваюцца ад пазіцый абодвух бакоў.
Па выніках гэтага вызвалення Польшча можа пачаць свой трэк перамоваў з афіцыйным Мінскам, мяркуе палітычны аглядальнік.
— Не думаю, што палякі наўпрост далучацца да гэтых перамоваў, але яны ў іх удзельнічалі ўскосна, яны вельмі прасілі і за Пачобута, і за манаха Гавала. Гэта не хавалася.
Акрамя таго, мы бачым змены ў польскай палітыцы. Яны адкрылі мяжу і потым нават у пэўным сэнсе насуперак пажаданням Літвы адкрылі два памежныя пераходы, якія былі закрытыя некалькі гадоў.
Не выключаю, што пасля ад'езду Коўла, магчыма, пачнуцца ўжо нейкія беларуска-польскія адносіны, асабліва калі будуць вызваленыя Пачобут і Гавал.
Магчыма, адбудзецца нейкая сустрэча. Накшталт таго, што рэжым прапануе літоўцам, маўляў, давайце, вядзіце з намі перамовы на палітычным узроўні. Літоўцы кажуць катэгарычнае не.
Палякі могуць самі гэта прапанаваць услед за амерыканцамі. І гэта будзе асобны трэк, без Злучаных Штатаў. Зразумела, што камянёў у беларуска-польскіх адносінах вельмі шмат, але іх можна разграбаць. Ёсць пра што пагаварыць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное