Дашкевіч: «Што гэта за міф, што стала горш? Стала лепш!»

Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч – пра тое, чаму ўсё было не дарма і чаму становішча беларускага народа за апошнія гады, на яго думку, палепшылася.

Прыводзім яго выказванні з інтэрв'ю ТОК.

Чаму важныя Курапаты і чаму Лукашэнка не прычына ўсіх бед

— Для многіх людзей, асабліва тых, хто падняўся ў 2020 годзе, Лукашэнка з’яўляецца прычынай усіх праблем. Але гэта няпраўда, — кажа Зміцер Дашкевіч. — Лукашэнка — лагічны і заканамерны вынік неасэнсаваных Курапатаў, нераскаяных злачынстваў камунізму.

Зміцер Дашкевіч. Скрыншот з відэа ТОК

— Каб зразумець, што і чаму адбываецца ў Беларусі, чаму так доўга пануе гэты тэрор, трэба разважаць пра Курапаты. Пакуль гэта не пачнецца, пакуль мы не зразумеем, што падмурак і карані злачыннай ідэалогіі, якая цяпер пануе ў Беларусі, — у камунізме, не будзе ніякага руху наперад.

Што беларусам трэба рабіць далей?

— Асэнсаванне таго, што адбываецца з намі, асэнсаванне сваёй гісторыі. І перш за ўсё — разуменне значнасці беларускай мовы: не пакідайце ж мовы нашай, каб не ўмёрлі. Можа, гэты працэс і ідзе, але, мне здаецца, неяк павольна.

Калі б беларусы загаварылі па-беларуску, гэтага было б абсалютна дастаткова для самазахавання, для таго, каб Беларусь стала свабоднай і незалежнай, каб над намі не панавала акупацыйная адміністрацыя.

Пра галоўную памылку еўрапейцаў

— Рана ці позна ўсё спыніцца. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з Расіяй — калі яна пачне выразна прайграваць гэтую вайну. Расія, безумоўна, прайграе вайну. У гістарычнай перспектыве Украіна ўсё верне. Магчыма, не цяпер, а праз гады. Але Расія гэтую вайну прайграе.

На жаль, усё адбываецца так доўга, бо ўсё, што робяць заходнія краіны, — гэта проста выказваюць занепакоенасць. Магчыма, Пуцін дабярэцца і да іх. Не выключаю гэтага. Магчыма, гэта было б лагічна, зыходзячы з таго, як сябе паводзіць Еўропа.

Людзі, якія бралі на сябе адказнасць за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, падпісваючы Будапешцкі мемарандум, не здолелі закрыць неба над Украінай — адзіны крок, які мог бы спыніць вайну Расіі.

У гісторыі няма нічога новага: ніхто не хацеў паміраць за Данцыг, ніхто не хоча паміраць за Украіну. Я не мог уявіць у 2022 годзе, што Еўропа будзе так доўга раскачвацца.

Чаму ўсё было не дарма

— Паслухайце, не стала горш. Што гэта за міф, што стала горш? Стала лепш! У 2020 годзе нарадзіўся або васкрос (называйце, як хочаце) беларускі народ. Мы ўбачылі народ пад бел-чырвона-белым сцягам — сцягам, у які, не забывайце, ніхто не верыў. Цяпер задача — навучыць народ размаўляць на сваёй мове.

Гэтая ахвяра апраўданая. Я свядома прыняў гэтую ахвяру, хоць у многіх выпадках сам не разумеў, што мне давядзецца прайсці.

Я веру ў гістарычную справядлівасць. Гісторыя беларускага народа — гэта парадокс. Мы ёсць. Нас не павінна было быць пры ўсім тым, што з намі рабілі. Але мы ёсць.

Беларускі народ падтрымліваюць у Еўропе. Дзякуй Богу за незалежныя СМІ, палітычных лідараў, кнігі, музыку. Калі такое было? Людзі, якія гадавалі дзяцей у 1980–1990-я гады, кажуць, што не было ніводнага дыска ці кнігі. Цяпер усё ёсць.