Политика

Цыганкоў: «Складваецца ўражанне, што Бабарыка значна бліжэйшы да пазіцыі офіса Ціханоўскай, чым да некаторых «бабарыканцаў»

Палітычны аглядальнік — пра свежае інтэрв’ю прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост.

— Бабарыка супраць «бабарыканцаў»? Але па парадку. Віктар Бабарыка даў амаль трохгадзіннае інтэрв’ю праекту «Нашай Нівы» «Ток» – самы маштабны і ўсебаковы ягоны выступ у медыя пасля вызвалення,— піша Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў

На гэты момант выглядае, што інтэрв’ю выклікала пераважна пазітыўныя водгукі ў СМІ і ў сацыяльных сетках. (Безумоўна, я маю на ўвазе той сегмент беларускага грамадства, які мае магчымасць публічна выказваць свае думкі па палітычных пытаннях – а гэта пераважна людзі, якія знаходзяцца за межамі Беларусі.)

Можа, з-за таго, што падчас прагляду інтэрв’ю склалася ўражанне, што Віктар Бабарыка, па-першае, гаварыў шчыра і не сыходзіў у абстрактныя развагі (як было ва Украіне пра Крым), а па-другое, ужо вызначыў сваю выразную пазіцыю па большасці з тых гарачых пытаннях, якія найбольш хвалююць грамадства.

Тут можна ўзгадаць, колькі крытыкі выклікала інтэрв’ю Марыі Калеснікавай Дудзю – перш за ўсё, яе тэзісы пра змякчэння санкцыяў і дыялог з рэжымам. Па гэтай тэме Бабарыка выказаўся даволі канкрэтна:

Як сабе ўявіць Еўропу, якая разумее, што ўводзіліся санкцыі і супраць Расеі, і супраць Беларусі – і мы будзем здымаць санкцыі з Беларусі, але не будзем здымаць санкцыі з Расеі? Ці наадварот. Так не бывае. Гэта пакет. Яны ўводзіліся разам, з рознымі абмежаваннямі, але ў прынцыпе за адно і тое ж.

Альбо яшчэ:

Я лічу адназначна правільным: не могуць здымацца санкцыі з тых і прадпрыемстваў, і людзей, хто задзейнічаны ў вытворчасці ці ў падтрымцы вайны.

Як на маё разуменне, Бабарыка дэманструе прагматызм і рэалістычную ацэнку сітуацыі. У тым сэнсе, што – мы можам нечага хацець і прагнуць, але ці рэалістычна сёння гэтага дабівацца.

— Пытанне якраз абмяркоўваецца ў тым, што можа дзейная сёння ўлада Беларусі зрабіць асобна ад Расеі? І тады Еўропа прыходзіць і кажа: што вы можаце зрабіць? Вы можаце зрабіць вельмі абмежаваную колькасць рэчаў, — заяўляе Бабарыка.

З інтэрв'ю складваецца ўражанне, што Бабарыка, прынамсі, у тэме санкцыяў, значна бліжэйшы да пазіцыі офіса Святланы Ціханоўскай, чым да некаторых выказванняў тых людзей, якіх называюць «бабарыканцамі». Варта нагадаць, што некаторыя з іх даволі даўно актыўна крытыкавалі офіс і атачэнне Святланы Ціханоўскай, фактычна ведучы з ім зацятую ідэалагічную вайну.

А вось выходзіць Бабарыка на волю, і нічым не падрывае яе аўтарытэт, не заяўляе, што яна нікога не прадстаўляе, і як выглядае на цяперашні момант, не збіраецца ствараць нейкі альтэрнатыўны цэнтр сілы (ці бяссільля:).

Наконт унутранай барацьбы сярод апазіцыі Віктар Бабарыка выказаўся таксама даволі адназначна:

Навошта нам дзяліць скуру незабітага мядзведзя? Мядзведзя ж няма.

Адзінае, што застаецца дзяліць – гэта дзяліць грошы. Але дзяліць грошы Бабарыка не мае ані намеру ані жадання:

Я ніколі ў жыцці не займаўся палітыкай з гледзішча забеспячэння ўласнага існавання. Таму гэты пірог для сябе я дакладна дзяліць не буду.