Армянскі тэст для імпэрыі: чаму Лукашэнку так непакоіць Ерэван
Армэнія, якая аб’явіла пра свой курс на інтэграцыю з Эўропай, сустракае жорсткі супраціў з боку Расеі. Тое, што цяпер адбываецца з гэтай краінай, у той ці іншай ступені можа чакаць і Беларусь, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
Расея цярпіць паразы
Парлямэнцкія выбары ў Армэніі паступова могуць выліцца ў міжнародны крызіс. Дыстанцыяваньне гэтай краіны ад Расеі і збліжэньне з Эўразьвязам і ЗША выклікае хваравітую рэакцыю Расеі і Беларусі.
Армянская сытуацыя вельмі цікавая для дэмакратычнай супольнасьці Беларусі, якая таксама арыентаваная на інтэграцыю з Эўропай. Бо тое, што цяпер адбываецца з Армэніяй, у той ці іншай ступені праз пэўны час можа чакаць і беларускае грамадзтва.
У вонкавай палітыцы Расея цярпіць адну паразу за другой. Бо вайна супраць Украіны адцягвае ўвагу, рэсурсы, мінімізуе магчымасьці Масквы абараняць свае міжнародныя пазыцыі. Сяброўскія Расеі рэжымы цярпяць паразу па ўсім сьвеце: Лацінская Амэрыка (Вэнэсуэла), Блізкі Ўсход (Сырыя, Іран), Афрыка (Малі), Эўропа (Вугоршчына).
Дайшла чарга і да постсавецкай прасторы. Малдова выходзіць з СНД і рухаецца ў бок ЭЗ. Расея страчвае кантроль над краінамі Закаўказьзя, над якімі яна дамінавала ад ХІХ стагодзьдзя. Грузія застыла на раздарожжы. РФ сапсавала адносіны з Азэрбайджанам і той выходзіць з-пад расейскага ўплыву. І вось на чарзе Армэнія.
Хоць «каляровая рэвалюцыя» 2018 году ў Армэніі выклікала пэўнае напружаньне ў Маскве, аднак вонкава Расея ўспрыняла яе спакойна, таму што краіна не зьбіралася рабіць геапалітычны разварот. Бо была вялікая залежнасьць гэтай краіны ад РФ у момант жорсткага супрацьстаяньня з Азэрбайджанам.
Аднак ваенны канфлікт Армэніі з суседам скончыўся стратай Нагорнага Карабаху, саюзьнікі па АДКБ на чале з Расеяй не прыйшлі ёй на дапамогу. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі цяжкая параза ў вайне адчыняе дзьверы для рэзкага павароту ў палітыцы, шлях да рэформаў. Гэта якраз армянскі выпадак.
Пытаньне пра рэфэрэндум — спосаб ціску на Армэнію
Кіраўніцтва Армэніі ўзяла курс на цеснае супрацоўніцтва з Захадам. У пачатку траўня ў Ерэване адбыўся Форум Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, саміт Армэнія — ЭЗ. У армянскую сталіцу з’ехалася звыш 40 эўрапейскіх лідэраў. У форуме ўзялі ўдзел прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, што выклікала дыпляматычныя дэмаршы Расеі і Беларусі.
Актыўна разьвіваецца супрацоўніцтва Армэніі з ЗША. Пад патранажам Дональда Трампа ў ЗША быў падпісаны дакумэнт аб урэгуляваньні армяна-азэрбайджанскага ваеннага канфлікту. Цягам апошніх трох месяцаў у армянскай сталіцы пабывалі віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Ды Вэнс і дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё, там была падпісана хартыя аб усеабдымным стратэгічным партнёрстве паміж дзьвюма краінамі.
Пад эгідай Злучаных Штатаў узгодненае будаўніцтва стратэгічнага транзытнага калідору (Зангезурскі калідор — «Маршрут Трампа дзеля міжнароднага міру і росквіту»), які злучыць асноўную тэрыторыю Азэрбайджана зь яго эксклавам Нахічэваньню праз паўднёвую Армэнію. ЗША абавязаліся гарантаваць бясьпеку і рэалізацыю праекту на 99 гадоў.
Армэнія прыпыніла сваё сяброўства ў АДКБ. Другі год запар армянскі прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян не прыяжджае на саміт Эўрапейскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС). Кіраўнікі Беларусі, Расеі, Казахстана і Кыргызстана пакрыўдзіліся і прынялі адмысловую заяву, у якой патрабавалі ад Армэніі правесьці рэфэрэндум наконт сяброўства ў ЭАЭС.
Прычым, паводле заявы, зрабіць гэта армянскае кіраўніцтва павінна «у максымальна кароткія тэрміны».
Такая заява стала непрыхаваным умяшальніцтвам у палітыку сувэрэннай дзяржавы. Бо гэта ўнутраная справа Армэніі, ці праводзіць рэфэрэндум наконт сяброўства ў інтэграцыйных саюзах, ці прымаць рашэньні іншым чынам (напрыклад, пастановай парлямэнту). А калі ўжо праводзіць, то самі армяне павінны вызначыць момант, тэрміны і іншыя ўмовы гэтай падзеі.
Прычым, насамрэч армянскае кіраўніцтва не заяўляла аб намеры выйсьці з Эўразійскага эканамічнага саюзу. Ерэван афіцыйна падкрэсьлівае, што застаецца паўнапраўным сябрам арганізацыі.
Аднак Расея штучна нагнятае сытуацыю, Уладзімір Пуцін пужае армян тым, што іх краіну чакае лёс Украіны, то бок намякае на магчымасьць выкарыстаньня сілы, каб утрымаць Армэнію пад сваім кантролем.
Лукашэнка як голас Расеі
Аляксандр Лукашэнка ўсяляк падыгрывае Маскве, пужаючы армян нэгатыўнымі наступствамі дыстанцыяваньня ад Расеі. Ня першы раз Менск бярэ на сябе няўдзячную функцыю дыпляматычнага голасу Крамлю. Шмат разоў беларускія афіцыйныя асобы заяўлялі тое, што з пэўных прычынаў няёмка казаць Маскве.
29 траўня ў Астане пасьля саміту ЭАЭС Лукашэнка ў размове з расейскімі прапагандыстамі заклікаў Армэнію правесьці рэфэрэндум «сумленна, адкрыта, дэмакратычна». Кур’ёзнасьць сытуацыі палягае ў тым, што заяву на адрас Армэніі падпісалі чатыры кіраўнікі аўтарытарных рэжымаў, дзе электаральныя працэсы адбываюцца далёка ад дэмакратычных стандартаў. На іх фоне армянская дзяржава ўяўляе сабой якраз аазіс дэмакратыі ў атачэньні аўтакратый.
Лукашэнку чамусьці моцна турбуе лёс армянскага народу. Гэтак у Астане ён пужаў армян доўгімі тэрмінамі ўступленьня ў Эўразьвяз, казаў, што краіна можа застацца бяз газу.
1 чэрвеня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян фактычна адказаў на ліст кіраўнікоў чатырох краінаў Эўразійскага эканамічнага зьвязу наступным чынам:
«Да таго моманту, пакуль Армэнія афіцыйна не зьвярнулася з просьбай аб прыняцьці ў Эўрапейскі зьвяз або не знаходзіцца вельмі блізка да статусу кандыдата ў сябры Эўрапейскага зьвязу, правядзеньне хоць якога рэфэрэндуму ёсьць нелягічным, бо для гэтага няма падстаў».
Аляксандр Лукашэнка таму так заклапочаны лёсам Армэніі, што адчувае пэўны комплекс. Бо ў Армэніі зьявілася свабода выбару, прастора для манэўраў, магчымасьць палітычнай гульні між Расеяй і Эўропай. «Мы ня будзем спадзявацца на адну дарогу, на аднаго хаўрусьніка, на адзін трубаправод», — сказаў Пашыньян 27 траўня. Вось менавіта гэтага ня можа дазволіць сабе кіраўніцтва Беларусі, якое цалкам завязанае на Маскву. І ніякай свабоды выбару.
Читайте еще
Избранное